Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Разделы сайта

Главная

Новости

05.04.2022

Новых ідэй,смелых рашэнняў вам, юныя даследчыкі!

Як вядома, мінулы тыдзень вучні не наведвалі школу, а цікава і весела бавілі час на канікулах. Аднак, як высветлілася, не ўсе, бо ў чацвер юных даследчыкаў з усяго раёна віталі ў ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Беразіно”.

Менавіта тут штогод праходзіць раённы конкурс работ даследчага характару. Бярэзінскія даследчыкі прапанавалі да разгляду журы 41 работу рознай накіраванасці. Па выніках конкурсу 12 даследчыкаў на сваіх прадметных секцыях былі ўрачыста ўзнагароджаны дыпломамі, іх даследаванні праз пэўны час адправяцца на больш прэстыжны абласны этап.

Па традыцыі ўсіх даследчыкаў цёпла вітала начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алеся Цітова.

– Я рада вітаць у гэтай прыгожай і ўтульнай зале нашых юных даследчыкаў і іх таленавітых педагогаў, – звярнулася яна да прысутных, – ведаю, што ўсе вы хвалюецеся, бо жадаеце, каб ваша даследаванне, плён вашай шматмесячнай працы быў адзначаны журы. Жадаю ў гэтым вам удачы, а калі яна ўсё-такі вас абміне – не адчайвайцеся, бо гэта не быў дарэмна страчаны час. Вы ж зрабілі адкрыццё, змаглі данесці яго сэнс людзям і набылі вельмі каштоўны вопыт.

Тон раённаму конкурсу па традыцыі на пленарнай частцы задалі выступленні лепшых юных даследчыкаў. На гэты раз такі гонар выпаў тром даследчым работам – “Да здравствует деревянная ложка” выхаванцаў ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Крынічанька” Алега Іўлева і Маргарыты Жоравай, “Знать, чтобы помнить” вучняў ДУА “Пачатковая школа №1 г. Беразіно” Аліны Хадаронак і Ільі Міхайлоўскага, “Паэтычны партрэт бярэзінскай вёскі” вучня ДУА “Любушанскі ВПК дзіцячы садок – сярэдняя школа” Яўгенія Падольскага.

Чаму драўляныя лыжкі дагэтуль у пашане

Адказ на гэта пытанне дашкольнікі шукалі разам са сваім кіраўніком Ірынай Дубовік.

– Наша даследаванне пачалося з конкурсу “Ліст сябру”, – расказвалі Алег і Маргарыта, – калі нашы сябры з Плешчаніц даслалі нам апавяданне аб цікавых мясцінах малой радзімы. Каб напісаць ім адказ, нам давялося пайсці на экскурсію ў музей драўлянай лыжкі.

Сёння гэта ўстанова – сапраўдны брэнд нашага раёна, бо тут пастаянна наладжваюцца майстар-класы і розныя святы. Вабіць турыстаў самая вялікая 23-метровая лыжка, зробленая трыма майстрамі. Яна незвычайная не толькі па памерах, але і па сваім аздабленні. Ды яшчэ вялікая калекцыя драўляных лыжак, большасць з якіх зроблена народным майстрам Беларусі Яўгеніем Восіпавым.

Гэта дзякуючы яму мноства людзей выразалі сваю першую лыжку і зразумелі сэнс прымаўкі “Чэрпай жыццё поўнай лыжкай”.

2022 – Год гістарычнай памяці

Аб гэтым нагадалі прысутным вучні пачатковай школы.

– Нельга будаваць будучыню, не ведаючы сваёй гісторыі, – пачалі сваю абарону даследавання Аліна Хадаронак і Ілья Міхайлоўскі – Таму мы павінны захаваць і перадаць наступным пакаленням памяць пра герояў, аб тых, хто змагаўся дзеля міру і свабоды, каб выбраць правільны арыенцір у будучыню і не дапусціць новых войнаў.

Дзеля гэтага яны пад кіраўніцтвам педагога Святланы Віткоўскай сабралі дакладны матэрыял аб бярэзінцах, якія выконвалі інтэрнацыянальны доўг у Афганістане.

У выніку на свет з’явіліся буклет і інтэрактыўная карта, якія дапамогуць дастойна захаваць памяць аб мужных сынах Бярэзінскага раёна, якія прайшлі дарогамі Афганістана.

Паэтычны партрэт бярэзінскай вёскі

За такую даволі няпростую тэму вырашылі ўзяцца Яўгеній Падольскі і яго педагог Галіна Яблонская.

– Выбар паў на яго невыпадкова, – прызнаецца настаўніца беларускай мовы і літаратуры, – бо Яўген даўно дэманструе любоў да роднай мовы і паэтычнага радка. Быў час, ён браў удзел у раённым конкурсе чытальнікаў, а сёння ўжо спрабуе пісаць свае першыя вершы.

Прадметам даследавання стаў зборнік вершаў “Родныя мясціны”, выдадзены метадычным кабінетам раённага дома культуры яшчэ ў 2006 годзе. У яго ўвайшлі творы Анатоля Казюкі, Арцёма Семянякі, Алены Піскун, Ірыны Казюка, Галіны Кіклевіч і іншых, якія паэтычна распавядалі пра хараство нашай сінявокай і лясной Бярэзіншчыны – вёсках Арэшкавічы, Капланцы, Лешніцу, Багушэвічы, Новіны і інш. На падставе гэтага і нарадзіўся ў юнака паэтычны вобраз бярэзінскай вёскі. Так, яна атулена ці сцяной карабельнага бору, ці бярозавым гаем, ці змрочным ельнікам або змешаным лесам. Тут нязменна працякае рака Бярэзіна альбо рэчка Клява, рачулка Бусль, рэчанькі Уса, Ганутка, знікла з берагамі рака Манча. Навакольныя лугі і кветнікі ўпрыгожваюць рамонкі, васількі, браткі, званочкі, смолкі, вяргіні, касачы. А на бярэзінскіх палях буяюць грэчка, буракі, жыта і пшаніца. А ў лясным краі сэрца сціскаецца ад клёкату буслоў, спеваў жаваранкаў, салаўёў і шпакоў. У вершах мясцовых паэтаў амаль не згадваецца рэлігійная тэматыка, затое заўсёды ёсць месца ўспамінам пра людзей, якія ўславілі родны край сваёй творчасцю, талентам і прыгажосцю.

– Спадзяюся, маё даследаванне дапаможа стварыць мастакам пейзаж Бярэзіншчыны, – гаворыць Яўгеній, – будзе выкарыстана пры падрыхтоўцы свят вёсак, падорыць падказку падчас аздаблення і ўпрыгожвання родных мясцін, стварэння радаводаў і летапісаў родных вёсак. А натхніць на ўсё гэта закліканы мой верш “Родная вёска”.

Затым пачалася работа ў секцыях, дзе лепшыя работы былі адзначаны дыпломамі.

Дыпломамі ўзнагароджаны:

1. Яна Белая, вучаніца 7 класа ДУА “Капланецкі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа” (настаўнік Алена Лескавец);

2. Яўгеній Падольскі, вучань 8 класа ДУА “Любушанскі ВПК дзіцячы садок – сярэдняя школа” (настаўнік Галіна Яблонская) у секцыі “Беларуская мова”.

3. Настасся Мохава і Ксенія Юнец, вучаніцы 5 класа ДУА “Брадзецкі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа” (настаўнік Юлія Міховіч) у секцыі “Руская мова і літаратура”;

4. Ягор Цэдрык, вучань 5 класа ДУА “Сярэдняя школа №3 г. Беразіно” (настаўнік Ганна Качановіч);

5. Аляксандр Тушынскі, вучань 9 класа ДУА “Капланецкі ВПК дзіцячы садок – сярэдняя школа” (настаўнік Наталля Бальчунас);

6. Настасся Швед, вучаніца 8 класа ДУА “Сярэдняя школа №” г. Беразіно” (настаўнік Алена Ждановіч) у секцыі “Гісторыя і грамадазнаўства”

7. Ксенія Зарэцкая, вучаніца 10 класа ДУА “Бярэзінская гімназія” (настаўнік Вераніка Васілевіч);

8. Дар’я Іванова, вучаніца 9 класа ДУА “Бярэзінская гімназія” (настаўнік Яўгенія Трапянок) у секцыі “Замежная мова”;

9. Паліна Ермаловіч, вучаніца 9 класа ДУА “Капланецкі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа” (настаўнік Валянціна Яфрэменка) у секцыі “Матэматыка”;

10. Дзяніс Калячка, вучань 9 класа ДУА “Бярэзінская гімназія” (настаўнік Ганна Ізмер);

11. Цімур Юнец, вучань 8 класа ДУА “Брадзецкі ВПК дзіцячы садок -сярэдняя школа” (настаўнік Мікалай Расійскі) у секцыі “Фізіка, інфарматыка”;

12. Яўгенія Ясюціч, вучаніца 8 класа ДУА “Бярэзінская гімназія” (настаўнік Марыя Шпак) у секцыі “Геаграфія. Хімія, біялогія”.

Віншуем юных даследчыкаў і іх кіраўнікоў!

Дарэчы, вердыкт журы – не канчатковая інстанцыя. Калі хто з юных даследчыкаў і педагогаў палічыць, што яго даследаванне заслугоўвае больш высокай ацэнкі, можа накіраваць сваю работу на абласны этап самастойна. Такія выпадкі мелі месца і гавораць аб магчымасці дзяцей і педагогаў праверыць сябе на больш высокім узроўні.

Выкарыстаны матэрыялы сайта https://www.berezino.by

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ