Пра раённы клуб юных ратавальнікаў “Сірэна” добра ведаюць у Бярэзінскім раёне. Ён адкрыў свае дзверы для дзяцей аж у лістападзе 1996 года і стаў выдатнай пляцоўкай для работы з дзецьмі і моладдзю. Падчас фінальнага этапу акцыі “Моладзь за бяспеку” “Сірэна” папоўнілася 15-цю членамі Беларускай маладзежнай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных. Цікаўныя і шчабятлівыя пяцікласнікі з розных школ горада сталі галоўнымі “віноўнікамі” мерапрыемства. Яны выслухалі расповед пра маладзежную арганізацыю ратавальнікаў-пажарных з вуснаў старэйшых удзельнікаў клуба, паглядзелі фільм, адказалі на пытанні віктарыны. Асабліва прыемны момант для дзяцей – клятва юных ратавальнікаў і ўручэнне пасведчанняў членаў маладзежнай арганізацыі. Іх дзеці атрымалі з рук выпускніка клуба, начальніка дзяжурнай змены №1 пажарнай часці №1 г.Беразіно Аляксандра Карабінеўскага. Скончылася мерапрыемства чаепіццем з тортам. Пройдзе літаральна год, і нашы юныя члены арганізацыі ратавальнікаў “дарастуць” да таго, каб паспрабаваць сябе ў якасці памочнікаў дарослым ратавальнікам на карысных мерапрыемствах і акцыях.
Вольга Данэйка, інспектар прапаганды Бярэзінскага РАНС