У Бярэзінскім раёне працягваецца акцыя “Дапамажы пайсці вучыцца”. Амаль кожны дзень удзельнікі яе наведваюць шматдзетныя сем’і, сем’і, якія стаяць на розных відах уліку, уручаюць дзеткам падарункі і віншуюць са святам.
Намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір На-віцкі павіншаваў з Днём ведаў першакласнікаў Данііла Куксіка і Ілью Трапянка
Так, днямі старшыня Бярэзінскага райвыканкама Аляксандр Бабічаў і начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алеся Цітова завіталі ў шматдзетную сям’ю Аўчарэнка, дзе выхоўваюцца шасцёра дзетак.
Старэйшая Карына — вучаніца 7 класа гімназіі, Настасся – шасцікласніца, Ангеліна — пяцікласніца, Надзея – трэцякласніца. Мілана наведвае садок. А самы малодшы – Мацвей пакуль дома. Матуля Алена не так даўно была ўзнагароджана ордэнам Маці.
— Мацярынства – самая лепшая, але і самая складаная праца, — зазначае Алена. – Сабраць дзетак у школу — задача не з лёгкіх. Прыемна, што дзяржава аказвае нам, шматдзетным сем’ям, дапамогу.
Старшыня Бярэзінскага райвыканкама Аляксандр Бабічаў і начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алеся Цітова ўручылі падарункі шматдзетнай сям’і Аўчарэнка
Не засталіся без увагі і дзеці, якія пакуль выхоўваюцца не дома, а ў Бярэзінскім сацыяльна-педагагічным цэнтры. Яны па рашэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама адабраны ў бацькоў і прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Данііл Куксік і Ілья Трапянок – першакласнікі. Хлопчыкі вельмі ўзрадаваліся, калі намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Навіцкі ўручыў ім прыгожыя, стыльныя рукзакі.
— Прыемна, што шмат нераўнадушных людзей, які дапамаглі правесці акцыю, — зазначае намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Бондар. — Штогод дапамагае, набывае розныя канцылярскія “неабходнасці”, індывідуальны прадпрымальнік Іна Мярзлова. Да ўдзелу ў акцыі актыўна далучыліся мясцовыя ўлады, кіраўнікі аддзелаў райвыканкама, калектывы прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў раёна. Вялікі дзякуй усім! Мы разам дапамаглі сабрацца ў школу многім хлопчыкам і дзяўчынкам, падарылі ім свята.