Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Разделы сайта

Главная

Новости

12.08.2020

У Бярэзінскім раёне стартавала мерапрыемства “Дзеці і бяспека!”

У апошні час актуальнай становіцца праблема дзіцячага траўматызму. І асноўнай прычынай няшчасных выпадкаў становіцца невыкананне, няведанне правіл бяспечных паводзін падлеткамі, адсутнасць належнага кантролю за дзецьмі з боку бацькоў (законных прадстаўнікоў). Каб нагадаць яшчэ раз правілы бяспечных паводзін і дарослым, і дзецям, высветліць, чым падлеткі займаюцца на канікулах, адправіліся ў рэйд намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Бондар, участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Бярэзінскага РАУС Настасся Сахончык, дырэктар Бярэзінскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Святлана Дражнік.

У гэты дзень мы наведалі сем’і ў аграгарадку Лешніца і горадзе Беразіно, дзе выхоўваюцца школьнікі, нагадалі ім пра бяспечныя паводзіны, пацікавіліся, як праводзяць летнія канікулы.

Нагадваюць правілы бяспечных паводзін і дарослым, і дзецям члены рэйдавай групы

Амаль усе падлеткі, да якіх мы завіталі, занятыя: адпачываюць у летніках, ходзяць у ягады, займаюцца спортам, плаваюць, дапамагаюць бацькам.
— Самае галоўнае, каб яны займаліся чымсьці карысным, а не “геройствавалі”. Да прыкладу, у Бярэзінскім раёне індывідуальна-прафілактычная работа
(ІПР) праводзіцца з 26 падлеткамі — тлумачыць Настасся Сахончык. – Мы пастаянна на сувязі з такімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, гутарым з імі, на лета прапаноўваем розныя віды адпачынку, падпрацоўкі. Імкнёмся, каб у час вучобы такія дзеці наведвалі розныя гурткі па інтарэсах. Каб былі заняты і ў іх было як мага менш вольнага часу на свавольствы.
Завіталі мы да хлопчыка з Беразіно. Зараз з ім праводзіцца ІПР. Ён разам з сябрамі забраўся ў чужы дом… Навошта? Як патлумачыў, за кампанію. Пераканаў членаў рэйдавай групы, што зараз не водзіцца “з дрэннай кампаніяй”, ходзіць у ягады, каб падзарабіць. І ўжо падаў дакументы ва ўстанову сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
На жаль, іншы раз самі бацькі не сочаць за сваімі дзецьмі, падштурхоўваюць іх на розныя супрацьпраўныя ўчынкі. З красавіка па чэрвень гэтага года камісія па справах непаўналетніх разгледзела 7 пратаколаў у дачыненні да бацькоў, якія не выконваюць бацькоўскія абавязкі па выхаванні дзяцей. Да прыкладу, дзеці без ведама бацькоў альбо нават з іх дазволу кіравалі транспартнымі сродкамі. Двое падлеткаў кіравалі аўтамабілем, 3 – матацыклам, 2 – веласіпедам. Так, у чэрвені разгледжаны два пратаколы, дзе падлеткі-веласіпедысты ўчынілі дарожна-транспартныя здарэнні.
— Паважаныя дзеці і бацькі, калі ласка, клапаціцеся пра сябе, сваё здароўе, не будзьце абыякавымі, — нагадвала кожнаму Святлана Іванаўна. – Прывяду “сумную” статыстыку: па інфармацыі Бярэзінскай ЦРБ, за 6 месяцаў гэтага года 15 падлеткаў атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці, ім была аказана медыцынская дапамога. Традыцыйна ў агульнай колькасці траўм першае месца займаюць бытавыя. А гэта і атручванне таблеткамі – 2, удары — 5, пераломы – 4, апёкі – 4. Дзеці да трохгадовага ўзросту ў большасці атрымліваюць апёкі (да прыкладу, матуля піла гарачую каву, паставіла кубак, немаўля разліло кі-пень на сябе), атручванні (у большасці маленькія дзеці цягнуць у рот таблеткі, асабліва ў яркіх абгортках). Зразумела, ад бяды ніхто не застрахаваны. Немагчыма штохвілінна сачыць за дзецьмі. Але неабходна стварыць для іх бяспечныя ўмовы. Схаваць таблеткі, асабліва ў яркіх паперках. Не захоўваць у даступных месцах хімічныя сродкі. Звяртаць увагу, каб дома не было вострых вуглоў у мэблі. Асабліва быць пільнымі на кухні, дзе столькі небяспечных “ворагаў”: не пакідаць, напрыклад, тыя ж самыя тэрмометры, чайнікі, кубкі з кіпнем у даступным месцы, хаваць відэльцы, нажы…

Да ведама!

З 12 па 21 жніўня ў Бярэзінскім раёне праводзіцца абласная дэкада па прафілактыцы траўміравання і гібелі падлеткаў ад знешніх прычын “Дзеці і бяспека!” Галоўная задача – яшчэ раз нагадаць хлопчыкам і дзяўчынкам правілы бяспечных паводзін. Будуць налажаны прафілактычныя гутаркі, рэйдавыя выезды, спартыўна-забаўляльныя мерапрыемствы, прагляды пазнавальных кінафільмаў…