-Вы прыйшлі ад матулі? Калі яна нам патэлефануе, зойдзе? Мы так сумуем без яе! – сустракаюць нас у Бярэзінскім сацыяльна-педагагічным цэнтры маленькія Айк і Гаго Віктарэнкі. — Вось тата нам нават з Арменіі тэлефануе кожны дзень, мы з ім гутарым праз Viber, бачым адзін аднаго “анлайн”…
Шчасце гэтай дружнай сям’і Віктарэнка разбілася з-за асацыяльнага ладу жыцця маці. Спачатку з-за сваіх паводзін яна “страціла” сужыцеля, бацьку дзяцей. Але ён, нават жывучы ў іншай краіне, не забывае пра дзяцей, дасылае грошы на іх утрыманне. Ды Юлія Віктарэнка не спыняла “сяброўства” з гарэлкай. І “страціла” “кветак жыцця”. Усім дзеткам, адпаведна з Дэкрэтам № 18, патрабавалася дзяржаўная абарона. Чатырохгадовы Айк і шасцігадовы Гаго часова былі змешчаны ў прытулак на 6 месяцаў, а двухгадовая Ані пакуль знаходзіцца ў прыёмнай сям’і. Прайшоў час, ды “любячая” матуля Юлія Віктарэнка не спяшаецца выпраўляць становішча, толькі “абяцае”. Яна рэдка наведвае дзяцей у прытулку, толькі некалькі разоў тэлефанавала, а калі нарэшце прыйшла ў прыёмную сям’ю наведаць Ані, дзяўчынка яе спужалася… Маці працягвае весці асацыяльны лад жыцця, прагульвае працу. Ужо 800 рублёў доўгу «набегла» за ўтрыманне дзетак у прытулку. Але жанчыну нічога не пужае.
— Мы вельмі любім матулю і тату! З нецярпеннем чакаем, калі яны нам патэлефануюць, наведаюць, забяруць, — гавораць Айк і Гаго Віктарэнкі
Іншая сітуацыя з бацькам. Ён зараз пражывае ў іншай краіне, і пакуль у сувязі з пандэміяй не можа прыехаць. Але мае цвёрды намер – выхоўваць самому дзетак.
— 1 чэрвеня – Міжнародны дзень абароны дзяцей. Вельмі жудасна, калі нам прыходзіцца абараняць “кветак жыцця” ад іх бацькоў. Зараз у прытулку знаходзяцца 8 дзетак, — зазначае дырэктар раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Святлана Дражнік. — Якая прычына? Традыцыйная: бацькі прамянялі сваіх дзетак на гарэлку. За перыяд знаходжання непаўналетніх у дзяржаўнай установе спецыялісты розных службаў прыкладаюць шмат намаганняў, каб змяніць сітуацыю ў лепшы бок. Апошняе ж слова, вядома, за бацькамі. Аналізуючы розныя выпадкі, прыходзіш да высновы, што адабранне дзіцяці, у большасці, чымсьці страшным бацькі не лічаць. Дакладней, разлічваюць, што пабудзе яно ў прытулку і вернецца. І нават статус абавязанай асобы ім не страшны, хаця сума грошай за ўтрыманне дзіцяці ў дзяржаўнай установе даволі значная. Вядома ж, кожны мае права на памылку. Ды памылкі бываюць розныя. Балюча, калі ў выніку іх пакутуюць дзеці.
Чакаюць, калі бацькі адумаюцца, выправяцца і нарэшце забяруць іх з прытулку Крысціна і Ягор Сінякі
Чакаюць, калі іх забяруць бацькі, Слава Лескавец, Крысціна і Ягор Сінякі. Раней яны пражывалі з татам і матуляй у Васілеўшчыне. Але бацькі таксама з-за сваіх абыякавых адносін “страцілі” дзяцей. Зараз, здаецца, усё ж такі ўспомнілі, што ў іх ёсць дзеці: “завязалі” з алкаголем, навялі парадак у доме, пастаянна наведваюць дзетак у прытулку, тэлефануюць ім, выконваюць патрабаванні членаў камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.
— З нецярпеннем чакаем, калі нарэшце зноў вернемся ў наш утульны дом, — гавораць дзеці. — Мы сумуем без вас, матуля і тата, забярыце нас хутчэй!
Сумуе без бацькі і шасцігадовы Данііл. Тата Анатолій Куксік папрасіў, каб яго сына ўзялі ў прытулак, бо сам адправіўся ў камандзіроўку ў іншы горад. Прайшоў час. Бацька вярнуўся з камандзіроўкі, забраў сына. Але праз дзень не прыйшоў за ім у дзіцячы садок. Данііла забралі ў прытулак. А бацька не выходзіць на сувязь.
Так, у прытулку створаны ўсе ўмовы для камфортнага пражывання дзетак: цёпла, па-сямейнаму ўтульна. Тут хлопчыкаў і дзяўчынак смачна кормяць, у іх вялікая колькасць цацак. Выхавальнікі з пяшчотай адносяцца да дзетак, любяць іх як сваіх, родных… Але ж гэта ўсё, пагадзіцеся, не можа замяніць бацькоўскую любоў.
— Тата і матуля, мы вас памятаем, чакаем, любім, забярыце нас хутчэй дамоў, — гавораць дзеткі з надзеяй у вачах і згадваюць вядомую песеньку пра маманцяня. – “Пусть мама услышит, пусть мама придет… Ведь так не бывает на свете, чтоб были потеряны дети…”
І так балюча, крыўдна становіцца ад гэтых слоў, ад таго, што дзяцей, сапраўды, неабходна абараняць ад “любячых” татаў і матуль. Няўжо ёсць у бацькоў штосьці даражэйшае за ўсмешку, шчаслівыя вочы іх дзетак?! Так, зараз гэтыя дзеткі ўсміхаюцца, гуляюць, бегаюць, скачуць, але іх вочы поўняцца надзеяй, надзеяй, што хутка яны будуць жыць разам з любімымі татамі і матулямі.