У школах, аздараўленчых лагерах супрацоўнікі адукацыі, ЦРБ, РАУС, РАНС правядуць цыкл лекцый і гутарак «Бяспечныя канікулы». Растлумачаць, што чакае за парушэнне заканадаўства. Нагадваюць меры супрацьпажарнай бяспекі, правілы дарожнага руху, паводзінаў на вадзе, у лесе.
У летні перыяд будуць працаваць гурткі, аб’яднанні па інтарэсах, спартыўныя секцыі, дзённыя і кругласутачныя аздараўленчыя лагеры.
Разам з тым, падлеткі могуць не толькі адпачыць, але і папрацаваць. Аб тым, куды можна працаўладкавацца на перыяд летніх канікул, можна даведацца ў РК “БРСМ” па тэлефоне 5-41-43.
Вядома ж, падчас летніх канікул будзе ўзмоцнены кантроль за паводзінамі і ладам жыцця непаўналетніх, якія стаяць на розных відах прафілактычнага ўліку.
— Галоўная задача праграмы – правільна арганізаваць летні адпачынак для падлеткаў. Каб яны карысна правялі час, адпачылі ў летніках, папрацавалі. А яшчэ, бясспрэчна, неабходна прыкласці максімум намаганняў, каб лета прайшло без траўматызму дзяцей, няшчасных выпадкаў. Для гэтага і суб’екты прафілактыкі, і бацькі павінны пастаянна нагадваць падлеткам правілы паводзін, — тлумачыць намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Бондар. — На жаль, іншы раз дзеці на канікулах, калі ў іх шмат вольнага часу, пачынаюць здзяйсняць “подзвігі”, што вядуць да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці. Каб прадухіліць такія “геройствы”, неабходна тлумачыць падлеткам, што чакае, калі ідзеш супраць закону. Толькі ад нашых сумесных намаганняў залежыць, стануць летнія канікулы выдатным часам для адпачынку альбо перарастуць у праблемы і непрыемнасці.