Чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама выдалася насычаным. Разгледзелі і сем’і, у якіх дзеці былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, а таксама адміністрацыйныя правапарушэнні падлеткаў.
На пасяджэнне запрасілі маладую маці. З-за абыякавых адносін яна ўжо страціла сваю “крывіначку”. І зараз у яе ёсць шанц: 6 месяцаў, каб усё выправіць. Але прайшоў час, ды жанчына не спяшаецца выпраўляць становішча, толькі “абяцае”. Абяцае, што хутка пераедзе ў новае жыллё, дзе будуць створаны годныя ўмовы для дзяцей, абяцае, што не будзе злоўжываць алкагольнымі напоямі… Але ўсё пакуль на гэтым і заканчваецца.
— Ці патрэбныя вам дзеці? Гэта пытанне мы, члены камісіі па справах непаўналетніх, задаём бацькам амаль на кожным пасяджэнні, — зазначае намеснік старшыні камісіі Святлана Бондар. — Як правіла, бацькі запэўніваюць, што дзеці вельмі патрэбныя, імкнуцца пераканаць, што абдумаюцца, больш не будуць ужываць алкагольныя напоі, будуць клапаціцца пра дзяцей, знікнуць слёзы, плач, крыкі… А на справе? Бывае ўсяляк. Хочацца падкрэсліць, што члены камісіі не ставяць мэтай забраць дзяцей з сям’і. Задача адна: прадухіліць магчымыя няшчасныя выпадкі, калі для дзяцей у родных сем’ях існуе сацыяльна-небяспечнае становішча.
Сям’я з Васілеўшчыны таксама з-за сваіх абыякавых адносін “страціла” дзяцей. Але, здаецца, бацькі ўсё ж такі ўспомнілі, што ў іх ёсць дзеці: “завязалі” з алкаголем, навялі парадак у доме, прыслухоўваюцца да парад членаў камісіі. Спадзяёмся, што хутка гэта сям’я аб’яднаецца.
— Так, дзяржава падтрымлівае сем’і, — гаворыць Святлана Іванаўна. — Але выхоў-вае дзіця сям’я. Менавіта ў сям’і закладваецца падмурак, на якім пазней сённяшнія хлопчыкі і дзяўчынкі пабудуюць сваё жыццё. Таму мы і даём сем’ям шанс абдумацца, але, на жаль, часта не выкарыстоўваюць яго.
На жаль, іншы раз бацькі не надаюць належнай увагі і бяспецы сваіх дзяцей. Таму здзіўляюць бацькоўская абыякавасць, бестурботнасць, яны самі падштурхоўваюць дзяцей да супрацьпраўных дзеянняў. Да прыкладу, тата з Косаўкі перадаў свайму сыну-дзесяцікласніку права на кіраванне аўтамабілем. І тата, і сын былі шакіраваны, калі іх спыніў супрацоўнік міліцыі і растлумачыў, што так нельга рабіць. Другі выпадак: тата вырашыў навучыць свайго 13-гадовага сына кіраваць скутарам. Даў яму транспартны сродак і “выпусціў” на праезную частку па вуліцы Кастрычніцкай горада Беразіно. Падлетак ехаў на скутары, а бацька — за ім на машыне — “суправаджаў”. А вось сямікласнік 7 красавіка без дазволу ўзяў мапед, якія стаяў у бацькоў у гаражы. Пасадзіў пасажыра — і паехалі “калясіць” па Беразіно. Спынілі супрацоўнікі ДАІ. Скутар адправілі на штраф-стаянку, бацькі заплацілі штраф. І падлетак 20 красавіка зноў затрыманы за кіраванне транспартным сродкам. Пытанне: аб чым думаюць бацькі? Адказ відавочны: сваімі ўчынкамі падштурхоўваюць падлеткаў на “геройствы”.
Дарэчы, усе гэтыя супрацьпраўныя ўчынкі здзейснілі падлеткі, якія не дасягнулі ўзросту прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Пратаколы былі складзены на іх законных прадстаўнікоў за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей.
— Ведаеце, калі мы на камісію выклікаем гэтых бацькоў, яны не разумеюць, навошта, у чым заключаецца невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей. Адзін тата сцвярджаў з абурэннем, што яго сын не ўзяў без дазволу скутар. Ён сам даў скутар сыну і назіраў, кантраляваў, як той едзе. Паважаныя бацькі, памятайце, што вашы дзеці бяруць прыклад менавіта з вас.