11 мая ў фае раённага цэнтра рамёстваў прайшло заключнае мерапрыемства Тыдня мужнасці і памяці «Беларусь памятае. Бярэзіншчына ганарыцца”. Яно было прымеркаванае адразу да некалькіх важных падзей гэтага года — Дня Перамогі , 75 — годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцскіх захопнікаў, 85 — годдзя прысваення звання Героя Савецкага Саюза. З гэтай нагоды супрацоўнікі раённай бібліятэкі прапанавалі вучням Бярэзінскай гімназіі вечар ажыўшых біяграфій «Лёсы, абпаленыя вайной».
У аснову мерапрыемства былі пакладзены лёсы землякоў – ардэнаносцаў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Фотаздымкі часоў ваеннага ліхалецця размясціліся на прэзентацыі «Землякі – нашага жыцця маякі».
Гімназісты з цікавасцю і ўважліва слухалі жывыя аповеды аб гераічных подзвігах удзельніка штурму Кёнігсберга Аляксея Пухавога, сяржанта корпуса, Героя Савецкага Саюза М. Мультана, які вызваляў Беразіно ад акупацыі, легендарнага камандзіра партызанскага атрада №210 Дзмітрыя Шрэйна і яго жонкі Веры Санько-Шрэйн. Кожны з іх не толькі мужна і бясстрашна ваяваў, але і дастойна працаваў у мірны час, быў добрым прыкладам вернасці і абавязку не аднаму пакаленню бярэзінцаў.
У мерапрыемстве прыняў удзел ганаровы ветэран, ураджэнец вёскі Некрашэва Віцебскай губерніі, а зараз жыхар Беразіно Сцяпан Аляксеевіч Буракоў. Ён — удзельнік партызанскага руху, франтавік, які дайшоў з баямі да Германіі, служыў на Сахаліне і Камчатцы, выгадаваў двух сыноў-ваеннаслужачых і трох дачок-педагогаў, адна з якіх — Людміла Жданава – прысутнічала на сустрэчы. Вучні гімназіі адрасавалі Сцяпану Аляксеевічу паэтычнае «Пісьмо ветэрану» і ўручылі памятны падарунак .
У поўнай меры адчуць дух ваеннага часу школьнікам дапамагла экспазіцыя прадметаў салдацкага і партызанскага быту з фондаў рабочай групы па стварэнні Бярэзінскага раённага гісторыка – краязнаўчага музея. Ажывіла даваенныя падзеі ўверцюра «За полчаса до войны».
Акрамя гэтага, на мерапрыемстве гімназісты папоўнілі свой багаж ведаў па сімволіцы дзяржаўнай важнасці. Садзейнічала гэтаму ізноў жа работа бібліятэкараў, якія наладзілі на сустрэчы трыбуну гонару “Наш герб – сімвал свабоды і незалежнасці”, прымеркаваную да Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага Сцяга Рэспублікі Беларусь.
-Усе гэтыя моманты сустрэчы былі закліканы перагарнуць са школьнікамі слаўныя старонкі баявой гісторыі раёна, яшчэ раз нагадаць ім аб подзвігу і мужнасці нашых землякоў, абудзіць у іх гонар і павагу да сваіх прадзядуляў і прабабуль, якія пакінулі ім у спадчыну мірнае неба і веру ва ўласныя сілы, — падвяла вынік мерапрыемства вядучая і арганізатар сустрэчы Тамара Мікалаеўна Круталевіч.