Вялікія справы Года малой радзімы або знакавыя падзеі 2018 года. Першы сёлета Дзень інфармавання насельніцтва быў прысвечаны гэтай тэме, пра што ішла размова ў час сустрэчы інфармацыйна-прапагандысцкай групы на чале з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні А.М. Шыфрыным з калектывам ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Беразіно”.
Па вялікім рахунку, Год малой радзімы ўвасобіў у сябе шматграннасць падзей і мерапрыемстваў, спраў і асоб. Пра гэта ў час сустрэчы расказала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В.В. Карэцкая, адзначыўшы асноўныя накірункі дзейнасці. Першы з іх – ажыццяўленне мэтанакіраванай прапаганды зберажэння і памнажэння нацыянальнага духоўна-культурнага набытку, гістарычнай спадчыны, прыродных багаццяў краіны, самабытных традыцый. Магутным патэнцыялам матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей валодае цэнтральная, Мінская вобласць. Культурная спадчына вобласці матэрыялізавана ў 664 нерухомых аб’ектах, у тым ліку 100 з іх у Бярэзінскім раёне. Штогод на тэрыторыі вобласці праводзіцца больш за 40 мерапрыемстваў па розных відах мастацтва і народнай творчасці, пяць з іх з’яўляюцца брэндамі Міншчыны. Брэнды Бярэзіншчыны – фестываль “Бярэзінскія лыжкары”, абрад “Цягнуць Каляду на дуба”.
Не менш важны накірунак работы – навядзенне парадку на зямлі і добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Ва ўсіх рэгіёнах праводзяцца суботнікі і экалагічныя акцыі, у належным парадку падтрымліваюцца мемарыяльныя комплексы, месцы воінскай і баявой славы, пахаванні Вялікай Айчыннай вайны. Забяспечаны актыўны ўдзел у глабальнай экалагічнай кампаніі “Уладкуем малую радзіму”, у акцыях “Тыдзень лесу” і “Чысты лес”, іншых мерапрыемствах.
Папулярызацыя спорту, турызму і актыўнага ладу жыцця – яшчэ адзін напрамак. Актуальным застаецца развіццё аграэкатурызму, у тым ліку развіваецца рэлігійны турызм: паломніцкі і экскурсійна-пазнавальны. Распрацавана ў вобласці больш за 200 турыстычных маршрутаў, звязаных з беларускімі праваслаўнымі святынямі. У Бярэзінскім раёне ўсё большую папулярнасць набываюць крыніцы і купель у вёсцы Крупа.
Адна з галоўных мэт Года малой радзімы – стварэнне максімальна камфортных умоў для пражывання.
Шматграннасць тэмы малой радзімы пацвердзілі і пытанні да членаў інфармацыйна-прапагандысцкай групы. Першае з іх – прывядзенне ў парадак Дома графа Патоцкага. На дадзены момант, як адказала начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама А.А. Цітова, вядзецца пошук інвестара. І ўжо ёсць жадаючыя, галоўная ўмова для якіх – захаванне гістарычнай значнасці помніка.
Узнімаліся пытанні расчысткі дарог ад снегу і больш глабальныя — рамонту дарог: у прыватнасці, на дарозе з Марціянаўкі ў бок Котава застаўся незаасфальтаваным невялікі ўчастак. У горадзе па вуліцы Мультана прасілі зрабіць больш прыкметным пешаходны пераход, а па вуліцы М. Рамановіч абазначыць яшчэ адзін. Уладкавання і асвятлення патрабуе ўчастак дарогі ад ЖКГ па вуліцы Прамысловай да Мінскай. Як запэўніў дырэктар РКУВП “Бярэзінская ЖКГ” Д.І. Вабішчэвіч, на названым участку сёлета будзе новае асвятленне. У гэтым годзе мяркуецца пабудаваць станцыю другога пад’ёму вады і станцыю абезжалезьвання – гэта адказ на пытанне аб паляпшэнні якасці вады.
Ішла размова і пра адпачынак моладзі. Дарэчы, у СШ №2 г. Беразіно знаходзяць новыя формы работы з вучнямі сваёй школы і прапануюць цікавы занятак для іншых. Тут шмат гадоў дзейнічае інтэлектуальны клуб “Што? Дзе? Калі?”, члены якога прымаюць актыўны ўдзел у разнастайных турнірах і фестывалях. Для пашырэння руху ўзяліся за добрую справу наладжвання рэгіянальнага турніру на базе Бярэзінскага раёна пад назвай “Лыжка Цмока”. Аднак для гэтага неабходна далучаць да інтэлектуальнага руху іншых маладых людзей горада і раёна. Вядома, такая ініцыятыва не можа застацца без падтрымкі.
Дарэчы, не засталося без увагі ні адно пытанне, узнятае ў калектыве школы мінулай вясной падчас яе наведання ІПГ на чале са старшынёй райвыканкама А.М. Бабічавым. Як падкрэслівала дырэктар школы С.В. Абрамовіч, усе яны былі вырашаны хутка, а некаторыя нават у той жа дзень або назаўтра – спілавана аварыйнае дрэва, уладкаваны аўтобусны прыпынак, у актавую залу школы набыты новыя крэслы…
Гэта па сутнасці працяг наступнай тэмы студзеньскага Адзінага дня інфармавання – аб арганізацыі работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у Мінскай вобласці, з інфармацыяй па якой выступіла намеснік начальніка аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Л.У. Лукашэвіч.
Вынікі сустрэчы падвёў А.М. Шыфрын.