Фота:fotobel.by
Нам ёсць чым ганарыцца, і перш за ўсё гэта нашы людзі, якія штодзённай працай услаўляюць родны край. Каб пазнаёміцца са знакавымі месцамі, з цікавымі людзьмі — жыхарамі Мінскай вобласці, МЛЫН.BY прапануе накiравацца ў падарожжа па Бярэзінскаму раёну.
23-метровая лыжка сустракае гасцей
Беразіно лічыцца «сталіцай лыжкі», менавіта тут знаходзяцца ўнікальны музей драўлянай лыжкі, а таксама помнік гэтаму сталоваму прадмету даўжынёй 23 метры.
Са студзеня 2014 года адкрыты Бярэзінскі раённы цэнтр рамёстваў, пры якім створаны ўнікальны пакой — музей драўлянай лыжкі, дзе размешчана звыш 150 экспанатаў, працуе народны клуб майстроў. Два гады таму ў двары цэнтра з’явіўся 23-метровы шэдэўр — самая вялікая драўляная лыжка, якая магла б стаць рэкардсменам Кнігі Гінеса. Гэта ўнікальная драўляная скульптура адзначана дыпломам Бярэзінскага райвыканкама як «Праект года — 2016», а майстар Я. Восіпаў, які працаваў над ёю, стаў пераможцам абласнога конкурсу «Творчы Алімп Міншчыны» ў намінацыі «Народныя промыслы і рамёствы». Раз на два гады ў верасні тут праходзіць рэгіянальнае свята-конкурс «Бярэзінскія лыжкары».
Будынак завода — помнік архітэктуры
Фота: vedi.by
Будынак спіртзавода — помнік прамысловай эклектычнай архітэктуры рэспубліканскага значэння. Бярэзінскі спіртзавод заснаваны ў 1853 годзе ў маёнтку графа Патоцкага як бровар. У 1892 годзе ўзведзены каменны будынак завода. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі завод нацыяналізаваны. У 1930-я гады тут пабудавана электрастанцыя, адкрыта лабараторыя. З 1958 года на заводзе пачалі выпускаць сокі і крухмал. Наладжана бесперабойная вытворчасць прадукцыі, кругласутачная работа прадпрыемства. Будынак з цэглы і бутавага каменю на дубовых лагах, без падмурка, стаіць і цяпер. Здараліся розныя сацыяльныя і гістарычныя катаклізмы, але спіртзавод ні разу не спыняўся.
Купель на сямі крыніцах
Фота: Святлана Адамовiч
На Бярэзіншчыне ёсць жыватворны астравок — капліца з купеллю на сямі крыніцах у гонар Свяціцеля Мікалая Цудатворцы, што ў вёсцы Крупа за 35 кіламетраў ад Беразіно. Мясцовыя старажылы расказваюць, што вадой з крыніцы вылечвалі хваробы вачэй, страўніка, дзіцячыя. Не страціла яна сваю гаючую сілу і да нашых дзён.
У 2010 годзе па прашэнні прыхода храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы рашэннем Бярэзінскага раённага выканаўчага камітэта дадзены дазвол на будаўніцтва капліцы з купеллю на сямі крыніцах. Будаўніцтва вялося з дапамогай сродкаў, ахвяраваных спонсарамі і дзяржаўнымі, прыватнымі арганізацыямі, а таксама прыхаджанамі. Лабараторны аналіз, зроблены ў Мінскім абласным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі ў 2015 годзе, пацвердзіў высокія фізіка-хімічныя ўласцівасці вады па 34 паказчыках.
У «Вязычын» на паляванне і рыбалку
Фота: holiday.by
Паляўнічы комплекс «Вязычын» размясціўся ў адным з самых маляўнічых куткоў Бярэзінскай лесапаляўнічай гаспадаркі, на беразе ракі. У ліку асноўных паслуг — адпачынак на прыродзе, паляванне, рыбалка, а ў сезон — збор грыбоў і ягад. Сюды можна прыехаць невялікай кампаніяй ці сям’ёй, адзначыць карпаратыўнае свята, вяселле, юбілей, выпускны. Госці таксама могуць карыстацца лодкай або катамаранамі, пастраляць у ціры. Мясцовыя паляўнічыя арганізоўваюць як індывідуальнае, так і загоннае паляванне для трох і больш чалавек. Увосень многія спецыяльна прыязджаюць у «Вязычын», каб дакрануцца да прыроды, зімой — пакатацца на лыжах.
Запрашаем на фестываль
Фото:Павел Арлоўскi
«Бярэзінская рампа» запальвае агні ў канцы лістапада раз на два гады, пачынаючы з 1997-га. Ідэйным натхняльнікам і мастацкім кіраўніком фестывалю з’яўляецца рэжысёр народнага тэатра Бярэзінскага РДК Мікалай Пытляк. Мэта фестывалю — пераемнасць і развіццё традыцый аматарскай тэатральнай творчасці, актывізацыя фестывальнага тэатральнага руху, павышэнне ўзроўню рэжысёрска-пастановачнай работы і акцёрскага майстэрства калектываў, пашырэнне рэпертуару народных тэатраў і г. д. Па традыцыі ў фестывальныя дні, акрамя галоўнай пляцоўкі, артысты выступаюць на сцэнах сельскіх устаноў культуры Бярэзінскага раёна. Праводзяцца творчыя лабараторыі і майстар-класы для рэжысёраў аматарскіх тэатраў вобласці.