Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Разделы сайта

Главная

Новости

25.05.2021

Дзе і як будуць адпачываць дзеці на Бярэзіншчыне?

Адпачынак – справа сур’ёзная. Тым больш адпачынак дзяцей! Як плануецца арганізаваць яго ў нашым раёне? З якімі праблемамі могуць сутыкнуцца бацькі і дзеці? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае начальнік упраўлення адукацыі, спорце і турызме Бярэзінскага райвыканкама Алеся Аляксееўна Цітова.

– Згодна з раённым планам па аздараўленні школьнікаў, сёлета на працягу лета змогуць адпачыць 1050 дзяцей. У раёне арганізаваны шэраг летнікаў. Сярод іх 18 – з дзённым знаходжаннем дзяцей. Будзе таксама працаваць летнік на базе спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву, у якім адпачнуць выхаванцы-спартсмены з гарадскіх школ.

Другая катэгорыя – лагеры з кругласутачным прабываннем. Большая частка дзяцей зможа адпачыць у дзіцячым аздараўленчым лагеры “Папараць-кветка”. На яго базе будуць працаваць летнікі “Мерыдыян” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, абарона-спартыннага профілю «Выратавальнік» і спратыўна-аздараўленчы лагер «Алімп».

Разам з аздараўленнем школьнікаў на базе ўстаноў раёна праходзіць і аздараўленне дашкольнікаў. Прадугледжаны вітамінізацыя харчавання, арганізацыя рэжыму работы ва ўмовах аздараўлення і правядзенне працэдур па загартоўванні.

Сёння пытанні аховы аздараўленчых летнікаў таксама непакояць бацькоў. Спяшаемся супакоіць: другі год запар тут за парадкам у кругласутачным рэжыме працуюць супрацоўнікі раённай міліцыі, нясе варту ахова. Выкананне ахоўнікамі кантрольна-прапускнога рэжыму на аб’ектах пільна адсочваецца Дэпартаментам аховы. Таму бацькі могуць быць спакойнымі за сваіх дзяцей! – адзначыў начальнік аддзялення Дэпартамента аховы Данііл Тарацін.

Ці гатова “Папараць-кветка” да прыёму дзяцей?

– Лагер да пачатку первай змены 6 чэрвеня гатовы. Тут за гэты час адрамантаваны тры спальныя пакоі, харчблок і медыцынскі корпус. Мы кожны год укладваем немалыя грашовыя сродкі ва ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Рэгулярна прыводзяцца ў парадак санвузлы, памяшканні харчблока, спальныя карпусы, адміністрацыйны будынак. Часткова заменена падлога, праведзена замена вокнаў, пафарбаваны падлога і сцены.

У спальных карпусах паступова мяняюцца вокны і дзверы. Гэта дазволіць забяспечыць неабходны тэмпературны рэжым і пазбегнуць захворванняў у дзяцей, калі надвор’е будзе стаяць не вельмі цёплае.

Работнікі ўпраўлення па адукацыі, спорце и турызме і педагагічныя калектывы раёна сваімі сіламі зрабілі добраўпарадкаванне тэрыторыі, прыбралі і вывезлі смецце.

Увогуле ўласнымі намаганнямі і з фінансавай падтрымкай улад узнімаем “Папараць-кветку” на годны ўзровень і ствараем імідж лагеру, каб дзеці з задавальненнем у ім адпачывалі, а бацькі з ахвотай набывалі пуцёўкі. Дарэчы, сёлета плануем аздаравіць не толькі бярэзінцаў, але 150 копыльскіх дзяцей і 13 — з Жодіна.

Харчаванне, выхаванне і старанны падбор кадраў

– Як будзе арганізавана работа “Папараць-кветкі”?

– Тут важнейшым аспектам з’яўляецца арганізацыя выхаваўчай работы і вольнага часу дзяцей і падлеткаў. Летнік будзе працаваць у чатыры змены. Усяго ж за лета ў “Папараць-кветцы” адпачнуць 413 дзяцей. Ідзе сур’ёзны адбор педагагічных работнікаў, да ўвагі бяруцца стаж, вопыт і прафесіяналізм. Распрацаваны план работы на ўсе чатыры змены з улікам узроставых, псіхалагічных і фізіялагічных асаблівасцей дзяцей. Будуць задзейнічаны выратавальнікі, праваахоўнікі, даішнікі, работнікі культуры і прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў. Дзякуючы гэтаму, пашырыцца культурная дзейнасць, прадоўжацца акцыі.

Харчаванне дзяцей у аздараўленчых лагерах вядзецца на аснове прыкладных рацыёнаў, распрацаваных і зацверджаных Рэспубліканскім цэнтрам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва і адаптаваных тэхнолагамі па харчаванні ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама.

Спадзяёмся, што пры такой арганізацыі дзеці добра адпачнуць і паправяць здароўе. Тэхнолагамі распрацавана прыкладнае меню з улікам збалансаванасці прадуктаў: уключаны смачныя і карысныя для здароўя салаты, агародніна і фрукты, сокі.

Аздараўленчы лагер “Папараць-кветка” па плане будзе працаваць у чатыры змены: з 6 па 23 чэрвеня, з 27 чэрвеня па 14 ліпеня, з 18 ліпеня па 4 жніўня і з 8 па 25 жніўня. Працягласць змен – 18 дзён.

Школьным пляцоўкам быць!

– Наколькі апраўдана арганізацыя прышкольных летніх аздараўленчых пляцовак? Як Вы лічыце: за той час, што дзеці там знаходзяцца, яны могуць адпачыць?

– Безумоўна. Знаходжанне ў летніках з дзённым прабываннем дазваляе дзецям не толькі аздаравіцца, але і прыняць удзел у выхаваўчых мерапрыемствах. Да таго ж, бацькі, пакуль самі знаходзяцца на працы, аддаюць дзяцей пад кантроль вопытных педагогаў і не перажываюць за іх. Для арганізацыі работы задзейнічана ўся матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі: харчблокі, спартыўныя залы, камп’ютарныя класы, бібліятэкі і стадыёны. З бягучага года абазначаны і новыя пазіцыі. Начальнікам прышкольнага летніка можа быць дырэктар ці яго намеснік. Загадам зацвярджаецца пастаянны склад педагагічных работнікаў і на працягу змены ён не змяняецца.

– Колькасць дзяцей, якія змогуць адпачыць на прышкольных пляцоўках сёлета, павялічылася ці скарацілася?

– У нашым раёне кожны год расце колькасць дзяцей, якія праходзяць аздараўленне. У мінулым іх было 413, у гэтым – 635. Усе ўстановы адукацыі гатовы да арганізацыі аздараўлення і скарачаць колькасць летнікаў і адпачываючых не збіраюцца.

– Што робіцца для аздараўлення дзяцей-сірот, інвалідаў і дзяцей з сацыяльна-небяспечных сем’яў?

– Летняя аздараўленчая кампанія накіравана на захаванне і ўмацаванне здароўя, сацыяльную абарону і падтрымку найбольш неабароненых іх катэгорый з малазабяспечаных, шматдзетных, сем’яў, што знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў, дзяцей, якія стаяць на ўліку. А таксама на забеспячэнне спрыяльных умоў для бяспечнага знаходжання ў лагерах з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі.

– Адпачынак у летніках змогуць сабе дазволіць усе? Якімі будуць цэны на пуцёўкі? І дзе іх можна набыць?

– Усе, хто жадае адпачыць у летніках, змогуць гэта зрабіць. Цэны даступныя і залежаць ад узросту дзіцяці. Бацькоўская плата ў летнікі з дзённым прабываннем будзе вагацца ад 15 да 32 рублёў, а з кругласутачным знаходжаннем – ад 147 да 165 рублёў. Самы танны кошт пуцёвак для адпачываючых у лагеры працы і адпачынку “Мерыдыян” – усяго 8 рублёў 51 капейка. Вядома ж, кошт указаны з улікам дзяржаўнай датацыі, а яна вагаецца ад 100 да 215 рублёў. Рэалізацыяй пуцёвак займаецца ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме, прафкамы і камісіі па аздараўленні. Мы спадзяёмся на цеснае супрацоўніцтва ўсіх кіраўнікоў прадпрыемстваў раёна па пытаннях змяншэння кошту пуцёвак для дзяцей сваіх работнікаў. І верым, што летняя аздараўленчая кампанія пройдзе паспяхова. А 1 верасня дзеці прыйдуць у школу здаровымі і шчаслівымі.

На арганізацыю летняга аздараўлення выдзелена каля 45 мільёнаў рублёў з рэспубліканскага бюджэту. На захаванне і ўмацаванне інфраструктуры стацыянарных лагераў і іх падрыхтоўку летам плануецца выдаткаваць каля 15 мільёнаў з розных крыніц фінансавання.

Бацькоўскіх дзён не будзе!

У гэтым летнім аздараўленчым сезоне, як і летась, бацькі не змогуць наведваць сваіх дзяцей непасрэдна на тэрыторыі летнікаў. У выпадку, калі дарослыя прыедуць, яны будуць сустракацца з дзецьмі на ўваходзе альбо ў альтанцы на свежым паветры. Але абавязкова з выкананнем нормаў і рэкамендацый. Значыць, нельга забыцца пра выкарыстанне медыцынскіх масак і нормы сацыяльнага дыстанцыянавання. Робіцца гэта выключна, каб не дапусціць распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі.

Выкарыстаны матэрыялы сайта 

ДУ «Рэдакцыя газеты «Бярэзінская панарама»

і праграмы радыёвяшчання «Бярэзінскі час»

Мілана Трапянок

Фота Алены Громавай