Спіс пераможцаў абласной алімпіяды педагога дадатковай адукацыі Ігара Чарнушэвіча папоўнілі Мікіта Радкевіч і Аляксей Бурымскі. Пажадаем ім удачы на рэспубліканскім этапе.
УСЁ ПАЧЫНАЕЦЦА З ПЕДАГОГА
На працягу многіх гадоў юныя інфарматыкі з Інтэлектуальнага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі складаюць аснову алімпійскай зборнай раёна. Паспяховым аказаўся для іх і сёлетні год. Навучэнцы вярнуліся з дыпломамі ІІ ступені і прэстыжнай пуцёўкай на рэспубліканскі этап.
— Гэты высокі вынік — плён працы нашага педагога Ігара Чарнушэвіча, — лічыць кіраўнік Цэнтра Вераніка Макеенкова. — Ён валодае ўнікальным талентам абуджаць здольнасці дзяцей і ствараць асаблівы настрой на перамогу.
У ліку пераможцаў — дзесяцікласнікі СШ 2 і Бярэзінскай гімназіі Мікіта Радкевіч і Аляксей Бурымскі, якія ўпэўнена ўвайшлі ў дзясятку лепшых інфарматыкаў вобласці.
— Яны не першы год наведваюць заняткі па інфарматыцы і шмат займаюцца самастойна, — гаворыць пра сваіх вучняў Ігар Леанідавіч, — таму алімпійскія заданні ім падаліся не вельмі цяжкімі і яны жадаюць заявіць аб сабе на заключным этапе. Спадзяюся, удача не пакіне іх.
Будучая зорка інфарматыкі Васіль Папруга скідку на ўзрост сабе не робіць
— Любоў да інфарматыкі ў мяне асаблівая, бо ў нашай гімназіі навучаліся многія прыхільнікі гэтай школьнай дысцыпліны, — зазначае Аляксей Бурымскі, — якія затым паспяхова альбо наогул без экзаменаў паступалі на самыя прэстыжныя факультэты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Я таксама мару там вучыцца і потым працаваць у ІТ- індустрыі.
Дзеля гэтага Аляксей не толькі грунтоўна займаецца інфарматыкай, але і на “выдатна” вучыцца ў школе. Нават сёлета стаў лепшым на раённай алімпіядзе па англійскай мове.
Дарэчы, гэты школьны прадмет паважае і будучая бярэзінская зорка інфарматыкі Васіль Папруга. Сёлета васьмікласнік гімназіі вярнуўся са сваёй першай у жыцці алімпіяды з падзячным водгукам.
— У гэтага хлапчука ёсць усё, каб у будучым уславіць наш раён, — падкрэслівае Ігар Леанідавіч, — яму трэба толькі яшчэ папоўніць запас ведаў і набрацца пэўнага вопыту, каб рашаць задачы, як роўны, са старшакласнікамі. А ўсё астатняе, як працавітасць і ўпартасць, у яго маецца з лішкам. Ды і сам Васіль сабе спуску не дае
КАМУ ПАДУЛАДНА “ЦАРЫЦА НАВУК”?
Урокі матэматыкі Валянціны Дамашэвіч самыя любімыя ў школьным раскладзе Настассі Красоўскай
У Бярэзінскай гімназіі ніхто нават ні на хвіліну не сумняваўся ў асаблівым матэматычным таленце вучаніцы 8-га класа Настассі Красоўскай.
— Ды і як жа інакш! Няма ёй роўных па старанні і працавітасці, удумлівасці і сур’ёзнасці, — расказвае пра дзяўчыну выкладчык матэматыкі Валянціна Дамашэвіч. — Ды і лагічнае мысленне ў яе вельмі нестандартнае. Яно дазваляе ёй справіцца з самай складанай задачай. Выдам вам і сакрэт: многія калегі мне шчыра зайздросцяць, бо Настасся аднолькава здольная да ўсіх школьных дысцыплін і ў кожнай, пры належнай падрыхтоўцы, магла б перамагчы.
Чаму выбрала матэматыку, дзяўчына сама дакладна не ведае, але ёй падабаецца чароўны свет лічбаў, формул і тэарэм. Яна гатовая гадзінамі рашаць задачы самымі рознымі спосабамі. А яшчэ паспявае вучыцца танцам у раённым цэнтры культуры, гуляць у шашкі і шахматы, дапамагае рабіць урокі малодшаму браціку.
…А ЯШЧЭ ЯНА ПІША ВЕРШЫ
З абласной алімпіяды выпускніца ДУА “Гарэніцкі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа” Настасся Лашчыноўская вярнулася з дыпломам ІІІ ступені па беларускай мове і літаратуры.
— Гэта ўзнагарода — сапраўдная падзея для нашай установы, — гаворыць выкладчык беларускай мовы і літаратуры Алена Рахманава, — але не для самой дзяўчыны. Яна ўпэўненая ў сабе і сваіх ведах, бо да вучобы ставіцца сур’ёзна, шмат чытае, не лянуецца займацца самастойна і характар мае ўпарты. Ды і спадабалася ёй надзвычай адкрытая і дэмакратычная алімпійская атмасфера. Дзяўчына па характары інтраверт, ёй асабліва ўдаюцца заданні на разважлівасць, логіку і аналіз. У гэтым яна і абышла астатніх.
Здольнасці дзяўчыны ў роднай школе заўважылі ўжо даўно, яна брала ўдзел у раённай алімпіядзе па матэматыцы. Схільнасці ў Настассі да ўсіх школьных дысцыплін. Ёсць і творчая жылка. Яна піша вершы і марыць выпусціць зборнік. Сёлета дзяўчына плануе паступаць у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Ужо ўдзельнічае ў рэпетыцыйным тэсціраванні.
— У бліжэйшы час планую праверыць свае веды па беларускай мове, — гаворыць дзяўчына. — Вось цікава будзе, колькі балаў набяру!
Выкарыстаны матэрыялы сайта газеты "Бярэзінская панарама" Мілана Трапянок Фота Алены Громавай