Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Разделы сайта

Главная

Новости

14.08.2020

Новы праект турыстычнага цэнтра «Лета з О-турыстамі» для дарослых і дзяцей стартаваў у Беразіно

Пад такім зычным дэвізам рэалізуецца новы праект ДУА “Турыстычны цэнтр “Юнацтва” “Лета з О-турыстамі”. Дзеля яго спецыялісты пакінулі сваю ўстанову і пайшлі ў двары горада. Пайшлі яны знарок, каб наладзіць дзятве карысны, цікавы, а галоўнае, аздараўленчы адпачынак.

Перш–наперш работнікі турыстычнага цэнтра арга-нізавалі мерапрыемства ў двары дома па вуліцы Марыі Рамановіч 4Б горада. Гэта новы сучасны мікрараён, пабудаваны для шматдзетных сем’яў, дзе на дзіцячай пляцоўцы мноства самых розных арэляў, гушкалак і забаў. Аднак, на жаль, камунальнікі скардзяцца, што дзятва не вельмі беражліва адносіцца да пляцоўкі.
— Напэўна таму, што не прапанавалі ім разнастаіць гульні на ёй, — лічыць метадыст турыстычнага цэнтра Алена Вінцарэвіч. — А мы запрасілі іх паспрабаваць свае сілы ў перамяшчэнні па вяроўках, велатрыяле, хуткасным кампасціраванні, арыент-шоу, устаноўцы палаткі і складанні картаў, зборы шышак. Адбою ад жадаючых не было!
І сапраўды, хлопчыкаў і дзяўчынак самых розных узростаў сабралася шмат, ды і карапузы злезлі з рук матуль. Вялікая чарга выстраілася з жадаючых перасоўвацца на вяроўках. Справа няпростая, але большасць з ёй справілася на “ўра”. Бо дзеці мелі сапраўдную турыстычную амуніцыю і прытрымліваліся правілаў бяспекі, з якімі пазнаёміў інструктар Алег Басько.
А хто хутчэй за ўсіх устанавіў палатку? Тут як роўныя з хлапчукамі змагаліся і дзяўчынкі. Ды і ў складанні картаў юныя прыгажуні нікому не саступалі. Таму няпроста было вызначыць лепшых Алене Васілевіч. Ды і вакол інструктараў Міхаіла Сынкова, Аляксандры Ванькевіч і Віталія Пянкрата было не праціснуцца. А ўсё таму, што дзеці змаглі прадэманстраваць свае навыкі ў ваджэнні веласіпеда, арыентаванні і хуткасным кампасціраванні перад прафесіяналамі турыстычнай справы.
Ды і якое дзіцячае свята без падарунка! Ніводны ўдзельнік праекта не пайшоў дамоў з пустымі рукамі. Кожнаму арганізатары пада-рылі наклейкі, а самым хуткім і спрытным — яшчэ і салодкія пачастункі.
— Гэты вечар прыемна здзівіў і парадаваў, — зазначае шматдзетная матуля Зоя Зубцова, — трэба было бачыць, з якім азартам мае дзеці сачылі за работай інструктараў і спрабавалі свае сілы ў турыстычнай справе. Магчыма, юныя гарэзы ў будучым накіруюць энергію ў карыснае рэчышча.
Спадзяюцца на гэта і самі арганізатары праекта, супрацоўнікі турыстычнага цэнтра “Юнацтва”, якія такім арыгінальным спосабам прэзентуюць дзятве ўстанову.
— Першае мерапрыемства сабрала каля 100 хлопчыкаў і дзяўчынак, — гаворыць Алена Вінцарэвіч, — і даказала, што мы не памыліліся з ідэяй разнастаіць дзіцячы адпачынак і падарыць незабыўнае лета дзятве. Праект мы апрабуем яшчэ на некалькіх вялікіх дзіцячых пляцоўках горада. Таму, паважаныя бацькі, сачыце за рэкламай і далучайцеся разам з дзецьмі. Абяцаем: ні ім, ні вам сумаваць не давядзецца!