Весела і з карысцю правесці летнія канікулы — мара кожнага школьніка. Апошнім часам праца ў студатрадах становіцца папулярнай у маладзёжным асяроддзі. З году ў год непасрэдны ўдзел у ёй прымае ўсё больш актыўных і мэтанакіраваных школьнікаў раёна. Юнакі і дзяўчаты ўпэўнены: толькі разам можна зрабіць для сваёй малой радзімы тое, што не пад сілу аднаму.
— Студатрадаўскі рух сёння — адзін з прыярытэтных накірункаў у рабоце з моладдзю, — адзначыла першы сакратар РК ГА «БРСМ» Кацярына Вяргейчык. — Першым распачаў работу 6 ліпеня студэнцкі атрад у колькасці 20 юнакоў і дзяўчат на базе РКУВП «Бярэзінская ЖКГ», які носіць імя К. Баранава, слаўнага ўдзельніка партызанскага руху ў нашым раёне. Затым плануецца адкрыць яшчэ два — на базе раённага вузла паштовай сувязі і ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас”. Прыемна, што з кожным годам работа ў студатрадах адраджаецца і набірае пэўныя абароты. А гэта цудоўная магчымасць сучасным маладым людзям выпрабаваць сябе і ў працы, і ў сяброўстве, і прынесці карысць свайму роднаму краю, сваімі рукамі зрабіўшы яго яшчэ прыгажэйшым. Трэба разумець, што менавіта на падрастаючым пакаленні ляжыць велізарная адказнасць за далейшае развіццё нашага бярэзінскага краю, таму са школы важна выхоўваць патрыётаў малой радзімы.
Сапраўды, падчас працы ў студатрадах узрастае сацыяльная актыўнасць маладых людзей, выхоўваецца паважлівае стаўленне не толькі да працы, але і да сваіх сяброў, а яшчэ работа дазваляе зарабіць уласныя сродкі. На мінулым тыдні атрымалася ўбачыць, як працуе студэнцкі атрад у аранжавых камізэльках на цэнтральнай плошчы горада.
— Школьнікі вельмі адказна выконваюць даручаную справу, яны заняты на добраўпарадкаванні і ўборцы горада, — зазначае работнік жылкамунгаса Юрый Каныгін. — Нараканняў на іх няма, ды і стараннасці не пазычаць. Праца ў студатрадзе — вельмі карысная рэч, паколькі сумесныя намаганні аб’ядноўваюць, а таксама дазваляюць зарабіць свае першыя сродкі.
Цікава было паслухаць меркаванне актыўнай моладзі нашага раёна. Студатрадаўцы прызналіся, што час, а гэта ў большасці чатыры гадзіны ў дзень, у атрадзе пралятае вельмі хутка і цікава, вялікае задавальненне прыносяць вынік працы і заробленыя сродкі.
— Сярод маіх знаёмых ёсць тыя, хто працуе ў атрадзе не першы раз. Я ж толькі ў гэтым годзе вырашыла запісацца, — прызналася Віка Фомчанкава. — Працуем на пазітыве, таму час, праведзены ў кампаніі новых сяброў, пралятае хутка. А яшчэ ўдвая прыемней, што атрымаем сваю першую зарплату.
— Летні адпачынак можна правесці не толькі дома каля камп’ютара, але і ў студатрадзе. І гэта будзе карысна як для нас, так і для нашай малой радзімы, і спадзяюся, што і з нашым укладам бярэзінскі край стане яшчэ лепшым, — дадаў юнак.
Атрад імя К. Баранава працуе зладжана і дружна
У тэму
З мэтай павышэння сацыяльнай актыўнасці і забеспячэння часовай занятасці моладзі ў вольны час дзейнічаюць студэнцкія атрады. Прыцягненне да выканання работ у арганізацыі праводзіцца згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Інструкцыяй аб парадку арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў. Дзейнасць студатрадаў ажыццяўляецца на падставе дагавора, які заключаецца паміж накіроўваючай і прымаючай арганізацыямі. Для апошніх прадугледжана льгота.
Абавязковыя страхавыя ўзносы налічваюцца на выплаты ўдзельнікам сту-дэнцкіх атрадаў у бюджэт Фонду ў памеры 7%, у тым ліку на сацыяльнае страхаванне ў памеры 6% і 1% утрыманага ад заработку ўдзельніка студэнцкага атрада — на пенсійнае страхаванне. У выпадку, калі ў перыяд дзейнасці студэнцкага атрада яго ўдзельнікам будзе прад’яўлены лісток непрацаздольнасці, ён падлягае аплаце ў агульнаўстаноўленым парадку. Бярэзінскі раённы аддзел Мінскага абласнога ўпраўлення фонду сацыяльнай абароны насельніцтва нагадвае, што прымаючы бок абавязаны заключыць з удзельнікамі студатрадаў адпаведныя працоўныя альбо грамадзянска-прававыя дагаворы, зарэгістраваць, прыняць на працу і затым звольніць, а яшчэ прадаставіць у орган Фонду па месцы пастаноўкі на ўлік у якасці плацельшчыка абавязковых страхавых узносаў пэўныя звесткі аб удзельніках студатрадаў. Усе гэтыя і іншыя пытанні студатрадаўцаў знаходзяцца пад пільным кантролем мабільнай групы Бярэзінскага райвыканкама. 7 ліпеня члены групы наведалі студэнцкі атрад і засталіся задаволеныя ўмовамі працы і якасцю выкананых работ юнакамі і дзяўчатамі.