На невялiчкiм возеры за вёскай Новiны праходзiў традыцыйны абрад "Ой на Купала, ой на Iвана". Па традыцыi, пакуль дзяўчаты з гурта "Валошкi" збiралi кветкi, папаратнiк i лекавыя зёлкi, хлопцы ладзiлi вогнiшча. Потым кожная з дзяўчат сваiмi ручкамi пляла вяночак. Вядома, самы лепшы вяночак атрымаўся ў Купалiнкi.
Дзяўчаты, разам з прысутнымi, спявалi купальскiя песнi, вадзiлi карагоды, пускалi на ваду вяночкi i варажылi на iх.
Купалiнка з Купалiшам першыя распачалi скачкi праз вогнiшча. Як вядома, нашы продкі верылi, што гэта ачышчае душу.
Усе прысутныя ў гэту ноч акунулiся ў атмасферу даўнiны i самабытнасцi, атрымалi самыя шчырыя эмоцыi i асалоду. Дзяўчаты ў купальскiх строях, прыгожыя краявiды, свежае паветра, чыстая празрыстая вада, вогнiшча - усё спрыяла цудоўнаму настрою аднавяскоўцаў!
аўтар: Клімовіч Святлана Анатольеўна - загадчык Новінскага СДК