Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Разделы сайта

Главная

Новости

08.06.2020

Каб лета было, як казка, прыязджайце, калі ласка…

Вось-вось лета пакліча хлопчыкаў і дзяўчынак у раённы аздараўленчы лагер “Папараць–кветка”. Ён не першы год займаецца аздараўленнем дзятвы і служыць упадабаным месцам адпачынку соцень бярэзінскіх школьнікаў. Не павінна парушыць гэтую добрую традыцыю нават пандэмія. Праўда, пэўныя карэктывы каранавірус у работу лагера ўсё ж такі ўнёс. Аб усім гэтым гутарым з дырэктарам аздараўленчага лагера “Папараць-кветка” Аленай ДРАНІЦАЙ:

Ужо чакае дзятву сімвал лагера — “сапраўдная” папараць-кветка. Яе дэманструе гасцям дырэктар лагера Алена Драніца

— Пытанні летняга адпачынку і аздараўлення – прыярытэтныя ў рабоце дзяржаўных органаў, на іх рэалізацыю накіроўваецца значны аб’ём дзяржаўных сродкаў. І гэта не павінна адмяніць ніякая пандэмія. Прыярытэты застаюцца нязменнымі: умацаванне здароўя дзяцей, сацыяльная абарона і падтрымка найбольш неабароненых катэгорый дзяцей з малазабяспечаных, шматдзетных сем’яў, дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Для іх будзе наладжана адна змена ў лагеры працягласцю 18 дзён, з 5 па 22 ліпеня. Гэта дае магчымасць самым лепшым чынам падрыхтавацца да прыёму адпачываючых, прадумаць цікавую культурную і забаўляльную праграмы для дзяцей.

Новы сучасны выгляд набыла тэрыторыя вакол першага корпуса і сталовай

— Як жа рыхтуецца да сезона аздараўленчы лагер?
— На падрыхтоўку да летняга сезона затрачана 92 тысячы рублёў, сярод якіх 30 тысяч — сродкі, заробленыя падчас суботніка. Сёлета сучасны і прывабны выгляд набылі ўсе карпусы летніка. Тут драўляныя вокны заменены на пластыкавыя, пафарбаваны ўсе пакоі, набыта новая мэбля і патрэбнае тэхналагічнае абсталяванне. Поўным ходам ідуць работы па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі. Усе яны вядуцца ўласнымі сіламі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама з дапамогай арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Так, зараз рупяцца рабочыя філіяла “АграМАЗ”, якія кладуць тратуарную плітку. Хочацца сказаць шчырае дзякуй за добрую падрыхтоўку летніка кіраўнікам Бярэзінскага раёна газазабеспячэння, філіяла «Здравушка-агра» і вытворчага цэха № 6 ААТ «Мінск-Крышталь», кіраўнікам навучальных устаноў.
— Ці вызначаны ўжо кошт пуцёвак?
— Дакладны кошт пу-цёўкі ў стацыянарны аздараўленчы лагер “Папараць-кветка” для дзяцей ад 6 да 10 гадоў складае 331 рубель 90 капеек (даплата арганізацыі — 126 рублёў 90 капеек), ад 11 да 13 гадоў — 342 рублі 94 капейкі (даплата арганізацыі – 137,94 рубля), з 14 да 17 гадоў – 350 рублёў 14 капеек (даплата арганізацыі – 145,14 рубля). Бацькоўская плата за пуцёўку ўстанаўліваецца ў памеры не менш за 10 працэнтаў ад яе поўнага кошту. Датацыя дзяржавы налічвае 205 рублёў.

У ярка пафарбаваных пакоях будуць жыць 18 дзён. Да паслуг дзяцей новыя мэбля і бялізна.

— А якія карэктывы ўнесла ў работу лагера пандэмія?
— Іх некалькі, але яны істотныя. Па–першае, у сталовай сталы паставяць на пэўнай адлегласці, паў-сюдна ўстановяць дазатары з антысептыкамі, а ў памяшканні кухні — яшчэ і кварцавыя лямпы. — У карпусах уборка і дэзынфекцыя прадугледжаны тройчы на дзень. Строгія правілы будуць уведзены і для нашых пастаўшчыкоў прадуктаў харчавання.
Для тэхнічных работнікаў стане абавязковым масачны рэжым. Для дзяцей гэта толькі па жаданні бацькоў. Такія меры перасцярогі агавораны ў рэкамендацыях Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Грунтоўна будзе наладжана ахова лагера. За гэта будуць несці адказнасць не толькі вартаўнікі летніка, але і супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў, што дазволіць пазбегнуць парушэнняў і злачынстваў.
Кожны дзень медработнікі будуць двойчы вымяраць тэмпературу ў дзяцей, сачыць за выкананнем санітарных мерапрыемстваў. Акрамя таго, за тыдзень да адкрыцця змены ўся тэрыторыя лагера будзе прадэзынфіцырава і апрацавана.
— А ці ёсць якія–небудзь змяненні для бацькоў?
— З мэтай мінімізацыі кантактаў і папярэджання распаўсюджвання каранавірусу бацькоўскія дні не запланаваны. Катэгарычна будуць забаронены навед-ванні дзяцей, а таксама перадача ім рэчаў і прадуктаў харчавання. Забараняецца і забіраць дзяцей у ходзе змены за межы лагера на кароткі і доўгі час.
— Што ж абяцаеце дзецям і іх бацькам, што выберуць лагер для аздараўлення і адпачынку?
— Дзецям мы можам смела абяцаць яркі, крэатыўны адпачынак ва ўтульных і прыгожых карпусах, выдатныя ўмовы пражывання і якаснае смачнае пяціразовае харчаванне, мноства цікавых сустрэч, новых сяброў і разнастайных мерапрыемстваў, якія дазволяць паправіць здароўе і дадуць запас новых сіл. Бацькам жа, спадзяюся, прыйдуцца даспадобы нашы мерапрыемствы па недапушчэнні распаўсюджвання каранавірусу ў лагеры, добра арганізаванае медыцынскае абслугоўванне і, вядома, крэатыў педагогаў, якія здольныя прымусіць усіх нас забыцца на пэўны час пра пандэмію. Таму раім не зацягваць з набыццём пуцёвак і з нецярпеннем чакаем у нашым лагеры.