Настаўнік фізкультуры і здароўя Капланецкай СШ Мікалай Самец — адзін са старэйшын педкалектыву, таму што звыш 30 гадоў працуе ў навучальнай установе.
Мяняецца час, мяняецца школа, мяняюцца і самі дзеці. Для таго, каб вучням было цікава хадзіць на ўрокі, настаў-ніку пастаянна неабходна спазнаваць для сябе новае, каб па-новаму, у нагу з часам, выкладаць свой прадмет і весці выхаваўчую работу. Тут дзеці пазнаюць свет, спрабуюць свае сілы, развіваюцца, растуць, дасягаюць вынікаў. І гэта яму, педагогу, удаецца паспяхова. Дзякуючы прафесіяналізму педагога, любові да справы і вучняў, мясцовыя школьнікі традыцыйна ў ліку пераможцаў на самых розных спаборніцтвах у раёне і вобласці.
Вядома, кожнаму настаўніку прыемна, калі менавіта яго вучань дасягае поспеху. Пра іх спартыўныя перамогі Мікалай Мікалаевіч можа гаварыць доўга, а вось пра сябе неахвотна: шмат яшчэ чаго не зроблена, шмат планаў не рэалізавана. Таму галоўныя перамогі яго вучняў яшчэ наперадзе.