У пятнаццаты раз прайшла раённая алімпіяда па Правілах дарожнага руху сярод школьнікаў. Адбылася яна на базе пачатковай школы №1 горада Беразіно.
Галоўнымі мэтамі мерапрыемства значыліся прапаганда вывучэння Правілаў дарожнага руху сярод дзяцей і падлеткаў, прывіццё ім навыкаў бяспечных паводзін на вуліцах і дарогах. Задачы гэтыя заўсёды актульныя для наладжвання бяспечнай сітуацыі на дарогах.
— Штогод на дарогах вобласці адбываецца вялікая колькасць дарожна-транспартных здарэнняў, — так пачала мерапрыемства вядучая Ірына Бурко, — толькі ў студзені зарэгістраваны 9 аварый, у якіх 9 непаўналетніх атрымалі траўмы, не лепшай на гэты час была і сітуацыя летась – у 4 дарожна транспартных здарэннях былі траўміраваны 5 дзяцей. Часцей за ўсе гэта адбываецца з-за нізкіх ведаў альбо ігнаравання Правілаў дарожнага руху, адсутнасці ў пешаходаў у цёмны час сутак святлоадбівальных, элементаў. Таму мы спа-дзяёмся, што вывучаючы Правілы дарожнага руху школьнікі стануць больш асцярожнымі і ўважлівыямі на дарозе.
На гэта спадзяюцца і работнікі Дзяржаўтаінспекцыі, якія на роўных з упраўленнем на адукацыі, спорце і турызме выступілі арганізатарамі алімпіяды. Прынялі ўдзел у мерапрыемстве 13 каманд школ раёна. Гонар кожнай навучальнай установы абаранялі па адным прадстаўніку ад пятых, шостых і сёмых класаў. Ім трэба было адказаць на пытанні ў білетах, а таксама справіцца з мультымедыйнымі заданнямі.
— Алімпіяда прайшла без заўваг з боку судзейскай калегіі, — паведаміла старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы аддзялення ДАІ Юлія Сігаёва. — Заданні дзецям прапаноўваліся нялёгкія, але ўсе былі ў роўных умовах. Перамаглі ж мацнейшыя — тыя, хто сур’ёзна рыхтаваўся да алімпіяды.
Хто ж яны? Трэцяе месца заваявалі прадстаўнікі ДУА “Любушанскі ВПК дзіцячы садок – сярэдня школа” (кіраўнік Аксана Счасная), на другім месцы — вучні ДУА «Лешніцкі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа» (кіраўнік Наталля Цэдрык). А найлепшыя вынікі паказала каманда пад кіраўніцтвам Тамары Нес-цяровіч з ДУА «Капланецкі ВПК дзіцячы садок – сярэдняя школа».
У асабістым першынстве ўсіх апярэдзіў вучань 5-га класа ДУА “Любушанскі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа” Аляксей Яроцкі, другое месца заняў вучань 7-га класа ДУА «Лешніцкі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа» Данііл Жаўняровіч. Трэцяе месца судзейская калегія аддала вучню 7-га класа ДУА «Брадзецкі ВПК дзіцячы садок – сярэдняя школа» Захару Кнізе, якога падрыхтаваў педагог Мікалай Расійскі.
Не былі пакрыўджаны рашэннем судзейскай ка-легіі і іншыя каманды. У конкурсе відэролікаў лепшай была названа каманда Бярэзінскай гімназіі ў
складзе Максіма Несцяровіча, Яўгенія Марчанкі і Антона Аўтуховіча. Другое месца журы прысудзіла ў гэтым творчым выпрабаванні Кацярыне Губчэўскай з ДУА “Сярэдняя школа №2 горада Беразіно”.
А замкнуў тройку прызёраў Яўгеній Падольскі з ДУА Любушанскі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа”. Пераможцы прызналіся, што заданні былі няпростымі. Але ж паспрыяла поспеху тое, што як след рыхтаваліся да алімпіяды, у тым ліку і з дапамогай камп’ютарных праграм. І шчыра ўдзячны за падрыхтоўку дарослым. Цяпер свае веды лепшым знаўцам Правілаў дарожнага руху трэба будзе пацвердзіць на падобнай абласной алімпіядзе.