Акцыя ратавальнікаў “Не прапальвай сваё жыцце!” працягваецца ў Бярэзінскім раёне
У дзень выбараў дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў усе выбарчыя ўчасткі Бярэзіншчыны радавалі наведвальнікаў сюрпрызамі. Выбаршчыкаў чакалі выставы-продажы, канцэрты, падарункі. Не прамінулі прыняць у гэтым удзел і раённыя ратавальнікі. На цэнтральнай плошчы горада яны наладзілі акцыю “Не прапальвай сваё жыцце!”. Юныя ратавальнікі з клуба “Сірэна” Цэнтра дзіцячай творчасці прапаноўвалі дарослым бярэзінцам памяняць цыгарэту на цукерку, знайсці парушэнні правілаў бяспекі ў макеце печкі, адказаць на пытанні з картак. Дзеці ж складвалі карцінку з пазлаў, малявалі прычыну пажару, даследвалі пажарны аўтамабіль і спрабавалі ў дзеянні выратальны інструмент. А сфатаграфавацца з роставай лялькай-выратавальнікам жадалі абсалютна ўсе! Чатыры гадзіны акцыі праляцелі імгненна, прынялі ў ёй удзел каля двух соцен бярэзінцаў. На памяць у людзей застануцца не толькі буклеты, размалеўкі і фотаздымкі. Мы верым, што ў памяці трывала адаб’юцца і словы юных актывістаў “Сірэны”, якія заклікалі адмовіцца ад дрэннай звычкі на карысць здароваму ладу жыцця і ўласнай бяспецы.
Вольга Данэйка, інспектар прапаганды Бярэзінскага РАН