У межах акцыі кожны тыдзень праходзілі рэйды. У склад груп уваходзілі і прадстаўнікі зацікаўленых службаў – камісіі па справах непаўналетніх, сацыяльнай сферы, упраўлення па адукацыі, спорце і турызме, РАУС, РАНС, ТЦСАН. У адзін з такіх рэйдаў мы і адправіліся з намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святланай Іванаўнай Бондар і сацыяльным педагогам сацыяльна-педагагічнага цэнтра Таццянай Уладзіміраўнай Несцяровіч.
Наведалі шматдзетныя, “складаныя” сем’і, якія пражываюць у горадзе Беразіно, аграгарадках Капланцы, Паплавы, вёсках Жорнаўка і Калініна.
Члены рэйдавай групы ў кожным доме віншавалі дзетак з 1 верасня, жадалі поспехаў у вучобе. І, бясспрэчна і дзецям, і бацькам нагадвалі правілы бяспечных паводзін.
У дамах правяралі наяўнасць у школьнікаў канцылярскіх прылад, школьнага і спартыўнага адзення, “кутка” вучня, санітарны стан жылых памяшканняў, стан пячнога ацяплення, электраправодкі, нагадвалі аб мерах бяспекі. Парадавала, што амаль усе сем’і былі гатовы да новага навучальнага года.
Першакласніцы Ульяне Хаміцэвіч члены рэйдавай групы падарылі рукзак і канцылярскія неабходнасці. Дзяўчынка расказала, што яна ўжо гатова да школы: матуля набыла ёй усё неабходнае. Падрыхтаваліся да новага навучальнага года і ў шматдзетнай сям’і Лагоўскіх з Жорнаўкі.
Увогуле ў межах акцыі міжведамасныя групы наведалі ўсе сям’і, у якіх выхоўваюцца непаўналетнія, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Завіталі члены рэйдавых груп і ў 15 сем’яў, дзе з падлеткамі інспекцыя па справах непаўналетніх праводзіць індывідуальную прафілактычную работу. Наведалі і 10 сем’яў (14 дзяцей), у якіх бацькі з’яўляюцца абавязанымі асобамі. Падчас рэйдаў выявілі яшчэ 4 сям’і, дзеці ў якіх знаходзіліся ў сацыяльна-небяспечным становішчы.
— Дзякуем усім, хто далучыўся да акцыі, дапамог нам сабраць дзетак у школу, — зазначыла С.І. Бондар. – Шчырыя словы ўдзячнасці старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў А.М. Токан, старшыням пярвічных прафсаюзных арганізацый гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Здравтрейд» і УП «Мінскаблгаз», раённых прафсаюзных арганізацый работнікаў аграпрамысловага комплексу; адукацыі і навукі; дзяржаўных устаноў. А таксама індывідуальнаму прадпрымальніку Іне Аляксандраўне Мярзловай. Разам мы стварылі дзецям з нядобранадзейных сем’яў сапраўднае свята.