Акцыя “Дапамажы пайсці вучыцца” праходзіць у Бярэзінскім раёне. Галоўная мэта – дапамагчы сабрацца ў школу падлеткам, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, выявіць непаўналетніх, якія не вучацца і не працуюць, і накіраваць іх на вучобу альбо работу.
Традыцыйна акцыя праходзіць у два этапы. Першы – з 19 жніўня па 1 верасня. У гэты час члены рэйдавых груп, прадстаўнікі камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, супрацоўнікі РАУС, РАНС, БРСМ, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва наведваюць шматдзетныя сем’і, тыя, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Другі этап акцыі — з 1 верасня па 1 кастрычніка. Тут галоўная мэта – выявіць падлеткаў, якія не вучацца і не працуюць, накіраваць іх ва ўстановы адукацыі або аказваць дапамогу ў працаўладкаванні. А таксама сабраць інфармацыю пра дзяцей, якія знаходзяцца на выхаванні асоб, што не з’яўляюцца іх бацькамі або апекунамі.
— Да акцыі запрашаем усіх бярэзінцаў, — гаворыць намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Іванаўна Бондар. – Кожны з нас можа дапамагчы дзецям сабрацца ў школу. Арганізаваны пункт прыёму (райвыканкам, кабінет камісіі па справах непаўналетніх) па зборы адзення, абутку, канцылярскіх прылад для падлеткаў, што апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.