Я стала «Міс лагера»! Такой навіной сустрэла нас Аліса Ганчук. Яна разам са 150 хлопчыкамі і дзяўчынкамі адпачывала на другой змене ў летнім аздараўленчым лагеры “Папараць-кветка”. Аліса тут была ў шосты раз і заўсёды вяртаецца дамоў з мноствам уражанняў і нават не з пустымі рукамі – падарункамі за ўдзел у розных конкурсах.
— У конкурсе я ўдзельнічала не першы раз, але сёлета надзвычай сур’ёзна падышла да мерапрыемства, – прызнаецца дзяўчынка. — Некалькі дзён я рэпеціравала танец, хадзіла з кнігамі на галаве, каб мець прыгожую постаць, вучылася гатаваць боршч — і таму атрымала запаветны прыз. Я адразу ж патэлефанавала тату, які ўвесь час мяне падтрымліваў, перажываў. Ён вельмі ўзрадаваўся і сказаў, што з нецярпеннем чакае майго вяртання дадому, каб павіншаваць асабіста!