Да правядзення акцыі “Канікулы без дыму і агню” ў Бярэзінскім раёне далучыліся работнікі Мінскага абласнога ўпраўлення МНС.
На сустрэчу да дзяцей, што адпачываюць у аздараўленчым лагеры “Папараць-кветка”, прыехаў намеснік начальніка ўпраўлення Міхаіл Уладзіміравіч Драпко. Карысныя парады, нясумныя перасцеражэнні, прыклады траўміравання дзяцей пры розных абставінах – важную інфармацыю ўсе сто трыццаць дзяцей праслухалі надзвычай уважліва. Простымі словамі запэўніў дзяцей не сваволіць падчас адпачынцу ля вадаёмаў і старшыня раённай арганізацыі ратавання людзей на вадзе Юрый Міхайлавіч Палянскі. Фільм “Недзіцячыя гульні” падцвердзіў словы ратавальнікаў. А далей усіх дзяцей паклікала агульналагерная гульня “Шыфр 112”. “Экіпіроўка”, “Аварыя на дарозе”, “Ратаванне на вадзе”, “Экзамен”, “Ратаванне на балоце”, “Чым тушыць агонь?” – каб прайсці гэтыя станцыі, спатрэбіліся і кемлівасць, і спрыт, і дасведчанасць у пытаннях бяспекі. Строгімі журы на ўсіх этапах выступалі цудоўныя памочнікі раённых ратавальнікаў – актывісты клуба юных ратавальнікаў “Сірэна”. Па выніках спаборніцтваў лепшымі расШЫФРоўшчыкамі найважнейшых ведаў сталі дзеці з каманды “Юныя ратавальнікі”. На другім месцы ўпэўнена размясцілася каманда “Галівуд”, трэцюю ступеньку п’едэстала занялі дзеці з аптымістычна названай каманды “100 працэнтаў”. На памяць пра сустрэчу ў дзяцей застануцца не толькі карысныя падарункі і дыпломы, але і адноўленыя веды пра ўласную бяспеку. А іх, як вядома, многа не бывае!