Напрыканцы мая няма больш актуальнай тэмы, як летняя аздараўленчая кампанія. Менавіта гэтаму пытанню быў прысвечаны семінар-практыкум, наладжаны ўпраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама сумесна з галоўным спецыялістам Прадстаўніцтва Мінскага абласнога ўпраўлення па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Бярэзінскага раёна Аленай Міхайлаўнай Післевіч. Яны падрабязна растлумачылі старшыням камісій па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні арганізацый і ўстаноў раёна, старшыням прафсаюзных камітэтаў асноўныя моманты будучай аздараўленчай кампаніі.
Адно з самых галоўных пытанняў аздараўлення — сума дзяржаўных датацый на пуцёўкі ў аздараўленчыя летнікі. Так, сёлета яна складае ў лагеры з кругласутачным знаходжаннем тэрмінам на 18 дзён – 185 рублёў, у аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем на гэты ж тэрмін – 76 рублёў. Першачарговае права на аздараўленне маюць дзеці-сіраты, дзеці-інваліды і выхаванцы інтэрнатных устаноў.
Застаецца дадаць, што летнікі ў Бярэзінскім раёне ўжо цалкам падрыхтаваны да прыёму адпачываючых: завершаны патрэбны рамонт, набыта неабходнае абсталяванне, укамплектаваны штат і складзены адпаведныя праграмы адпачынку. Таму цяпер самы час паспяшыць бацькам набыць пуцёўку!
Даведка. У перыяд мінулагодняй аздараўленчай кампаніі ў 1121 аздараўленчым лагеры Мінскай вобласці прайшлі курс аздараўлення 55, 6 тысяч дзяцей.