Доўгачаканыя летнія канікулы зусім блізка, і найпершая задача для нас, дарослых, - захаваць здароўе і жыццё нашых дзяцей, папярэдзіць няшчасныя выпадкі з іх удзелам.
Прычына траўматызму дзяцей у летні час вядомая: яны часта застаюцца без нагляду і, як вынік, нярэдка становяцца ахварямі дарожных здарэнняў, утапленняў, атручванняў, выпадзенняў з вокан, электратраўмаў і апёкаў. Штогод у маі бярэзінскія ратавальнікі праводзяць прафілактычныя мерапрыемствы са школьнікамі. У гэтым годзе асноўны ўпор зроблены на дзяцей малодшых класаў. Гутарка, віктарына, гульня ў герояў мультфільма “Чароўная кніга”, прагляд фільмаў – розныя формы работ з дзецьмі выкарыстоўваюць ратавальнікі. Ад жадаючых адказаць на пытанне – адбою няма! Але ж ці выкарыстае дзіця свае веды ў экстрэмальнай сітуацыі – гэта яшчэ пытанне… Таму галоўнае – такіх сітуацый не дапусціць. Гэтаму і вучаць дзетак бярэзінскія ратавальнікі. Але ж гэта не павінна стаць клопатам толькі асобных служб: найперш бацькі ў сям’і павінны вучыць дзяцей бяспечным паводзінам і пільна сачыць за тым, як бавяць вольны час іх гарэзы.
Вольга Данэйка, інспектар прапаганды Бярэзінскага РАНС