МЕСЦА СУСТРЭЧЫ ЗМЯНІЦЬ НЕЛЬГА
У СШ №2 горада Беразіно, як звычайна, у час веснавых канікулаў, збяруцца юныя даследчыкі раёна каб падзяліцца сваімі новымі навуковымі даследаваннямі і напрацоўкамі ў рамках навукова-практычнай канферэнцыі “Навука. Прырода. Чалавек”. Сёлета ў ёй прымуць удзел 70 бярэзінскіх школьнікаў. Большасць работ распрацаваны вучнямі СШ №2 горада (11 даследаванняў), на другім месцы навучэнцы Бярэзінскай гімназіі (9 даследаванняў) і на трэцім – школьнікі СШ №3, Брадзецкай, Капланецкай СШ (па 6 даследаванняў).
Чым у гэтым годзе збіраюцца здзіўляць бярэзінскія вынаходнікі? Што іх вабіць і цікавіць? Традыцыйна шмат работ будзе абмеркавана на секцыях у намінацыях па гуманітарных дысцыплінах (беларуская мова і літаратура, руская мова і літаратура). Але радуе выкладчыкаў і тое, што ўзрасла цікавасць вучняў да хіміі і біялогіі, геаграфіі і экалогіі, фізікі і інфарматыкі, матэматыкі і працоўнага навучання.
Рабочы тон навукова-практычнай канферэнцыі задаюць выступленні вучняў на пленарнай частцы мерапрыемства. У гэтым годзе іх прадставяць Ульяна Хаміцэвіч з дзіцячага садка №4, Дар’я Вабішчэвіч з пачатковай школы №1, Кацярына Антановіч з СШ №3 і, вядома, парадуе ўсіх прысутных сваім новым інжынерным адкрыццём вучань СШ №3 Мікіта Хадаронак.
Лепшыя з лепшых работ будуць адабраны журы для ўдзелу ў абласной навукова-практычнай канферэнцыі. Хто ж трапіць у іх лік? Чытайце ў чарговым нумары газеты.