У супрацоўніцтве з работнікамі кінавідэапраката бярэзінскія ратавальнікі правялі мерапрыемства ў рамках акцыі “Дзень бяспекі. Увага ўсім!”. Спачатку дзеці і дарослыя прагледзелі некалькі карысных фільмаў – “Першасныя сродкі пажаратушэння”, “Чароўная кніга”, “Бяспечнае сэлфі”, “Што рабіць, калі пабіўся тэрмомерт”.
Пасля кожнага фільма ўдзельнікаў акцыі чакала віктарына з уручэннем запрашальных білетаў на кінасеанс “Каралеўскі коргі”. Пасля пазнавальных праглядаў усе жадаючыя маглі пагуляць у фае кінатэатра: тут працавалі гульневыя пляцоўкі. Пляцоўка “Дапамога побач” прапаноўвала ўсім загрузіць з інтернету на свае тэлефоны мабільнае прыкладанне ратавальнікаў Беларусі і тут жа атрымаць за гэта падарунак. Яшчэ на гэтай пляцоўцы можна было праверыць веды пра бяспеку, адказваючы на пытанні з картак. Другая пляцоўка вучыла дзяцей і дарослых правілам бяспечнай эвакуацыі і паводзінам пры пажары, пры ўзгаранні на кухні. Вядома, ніхто не застаўся без падарунка! За паўтары гадзіны ў акцыі прынялі ўдзел 150 бярэзінцаў. Мерапрыемствы будуць працягвацца.