З пачатку 2019 года ў Мінскай вобласці склалася складаная аператыўная абстаноўка з пажарамі і гібеллю людзей ад іх. Так, па стане на 28 студзеня ў вобласці зарэгістравана 119 пажараў (рост склаў 1,7%, за аналагічны перыяд 2018 года зарэгістравана 117 пажараў), у якіх загінула 17 чалавек (за аналагічны перыяд 2018 года — 17 чалавек).
Улічваючы стан аператыўнай абстаноўкі з пажарамі і гібеллю людзей ад іх, а таксама ў мэтах неабходнасці правядзення комплексу арганізацыйных і прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на стабілізацыю аператыўнай абстаноўкі з пажарамі, зніжэнне рызыкі гібелі людзей ад знешніх прычын, у тым ліку пажараў і іншых надзвычайных сітуацый, на падставе падпункта 2.13 пункта 2 артыкула 47 Закона Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2010 года «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» на тэрыторыі Мінскай вобласці ў перыяд з 1 па 28 лютага 2019 года абвешчаны месячнік пажарнай бяспекі.
У рамках месячніка пад пільнай увагай будуць знаходзіцца домаўладанні грамадзян, якія маюць патрэбу ў дадатковай сацыяльнай абароне: сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы; шматдзетныя сем’і; інваліды; пажылыя грамадзяне, а таксама грамадзяне, якія знаходзяцца без пэўнага месца жыхарства.
Як паведаміў рэдакцыі начальнік аддзела прафілактыкі і правапарадку Бярэзінскага раённага аддзела ўнутраных спраў Сяргей Валер’евіч Шкуратаў, участковыя інспектары міліцыі ўжо актыўна ўключыліся ў акцыю. Вартавыя правапарадку ўзялі пад пільны кантроль закінутыя пабудовы, дамы шматдзетных сем’яў і сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, адзінока пражываючых грамадзян і інвалідаў, наладзілі цыкл супрацьпажарных выступленняў і актывізавалі барацьбу з самагонаварэннем. Складзеныя адміністрацыйныя пратаколы і інфармацыя ў мясцовыя органы ўлады ад міліцыянераў павінны выявіць трывожныя адрасы і папярэдзіць пажары.