У мінулую пятніцу начальнік аддзела Дзяржаўтаінспекцыі Бярэзінскага РАУС Дзмітрый Васільевіч Гайдук у актавай зале пачатковай школы ўручаў дзятве палкі для сэлфі і навушнікі. Рабіў ён гэта са шчырым сэрцам, бо ўпэўнены, што навамодныя прылады трапілі ў надзейныя дзіцячыя рукі і ніколі не стануць прычынай няшчасцяў на дарозе. Так раённы аддзел Дзяржаўтаінспекцыі і ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама адзначыла пераможцаў Алімпіяды па Правілах дарожнага руху.
Згодна з умовамі конкурсу, у склад каманды знаўцаў правілаў увайшлі па адным удзельніку з ліку вучняў 5, 6 і 7 класаў, якім неабходна было справіцца з рашэннем двух білетаў, кожны па дзесяць задач. На выкананне задання адводзілася 10 хвілін – з разліку 1 хвіліна – 1 пытанне.
Аднак гэтага часу аказалася больш чым дастаткова для каманды ДУА «Пагосцкі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа», якая стала пераможцай у камандным заліку. Члены журы з ліку работнікаў упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама і супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі не паспелі нічога зразумець, як хлапечая пагосцкая каманда ў складзе Валерыя Шэмета, Арцёма Кірыенкі і Арцёма Букатага выканала ўсе заданні. Яна без памылак справілася з задачамі за 12 секунд! Другое месца заняла каманда Бярэзінскай гімназіі, а трэцяй стала каманда Любушанскай школы.
Такі расклад пераможцаў абумовілі вынікі індывідуальнага першынства. Тут, бясспрэчна, абсалютным лідарам стаў вучань 7 класа ДУА «Пагосцкі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа» Валерый Шэмет. На гэты раз пагосцкі рэкорд выканання заданняў — 25 секунд і ніводнай памылкі. Другое месца таксама ў вучня 6 класа Пагосцкай школы Арцёма Кірыенкі. Трэцюю пазіцыю заняў прадстаўнік ДУА «Брадзецкі ВПК дзіцячы садок – сярэдняя школа» Захар Кніга.
Вызначыўся прадстаўнік Брадзецкай школы і ў творчым конкурсе «Дзеці Мінскай вобласці — за дарогі без аварый». Намаляваны ім плакат прынёс навучальнай установе дыплом ІІ ступені. А вось дыплом І ступені атрымала каманда ДУА «Ушанскі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа», а ІІІ — каманда ДУА «Сярэдняя школа №3 горада Беразіно».
— Вынікі алімпіяды па Правілах дарожнага руху прыемна радуюць, — зазначыў, падводзячы вынікі мерапрыемства, Дзмітрый Васільевіч, — паказваюць выдатныя веды і рэкордны час рашэння задач. Спадзяюся, атрыманая тэарэтычная падрыхтоўка знойдзе практычны працяг: яны стануць законапаслухмянымі ўдзельнікамі дарожнага руху. Ды і сёння плён намаганняў у павышэнні ведаў правільных паводзінаў на дарозе відавочны – не зарэгістравана здарэнняў па віне альбо з удзелам дзяцей.
— Выдатнае веданне Правілаў дарожнага руху не стане лішнім для дзяцей у дарослым жыцці, а бездакорнае іх выкананне пазбавіць ад няшчасцяў і калецтваў на дарозе, — удакладніла галоўны спецыяліст упраў-лення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Ірына Аляксандраўна Зябко. — У школах рэгулярна вядуцца заняткі па Правілах дарожнага руху, з дзецьмі працуюць вопытныя і адказныя педагогі.
Застаецца дадаць, што Алімпіяда па правілах дарожнага руху праводзілася сёлета ў 14 раз. Згодна з яе ўмовамі, каманда-пераможца раённага конкурсу адправіцца адстойваць гонар на абласное мерапрыемства. Такое права атрымала каманда Пагосцкай СШ пад кіраўніцтвам Наталлі Іванаўны Кісель. Пажадаем поспеху пагосцкім знаўцам!