Мінулая пятніца стала знакавым днём не толькі для намінантаў на высокае званне “Чалавек года Міншчыны” за 2018 год. Цырымонія ўзнагароджання адбывалася на ўрачыстым святкаванні Мінскай вобласцю 100-годдзя ўтварэння БССР, якое прайшло ў Маладзечанскім Палацы культуры. Святочнасць тут адчувалася ва ўсім – у агульнай абстаноўцы з выставамі, якія адлюстроўвалі нялёгкі, але цікавы шлях нашай краіны; у настроі людзей розных пакаленняў, якія сабраліся на ўрачыстасць.
Са сцэны ўдзельнікаў свята вітаў старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта А.М. Ісачанка. Звярнуўшыся да гісторыі стварэння і развіцця БССР, Анатолій Міхайлавіч адзначыў, што вобласці ўдалося дасягнуць прыкметных вынікаў і выканаць асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Усё гэта дзякуючы працы людзей, кожны жыхар цэнтральнага рэгіёна ўнёс свой уклад у агульны каравай.
28 прадстаўнікоў з розных раёнаў і розных галін народнай гаспадаркі ўдастоены звання “Чалавек года Міншчыны”, іх узнагароджанне правялі А.М. Ісачанка і памочнік Прэзідэнта – інспектар па Мінскай вобласці І. Яўсееў.
— Сёння Мінская вобласць славіцца высокімі тэхналогіямі, інавацыямі і інвестыцыямі, развітай сельскай гаспадаркай, — адзначыў старшыня аблвыканкама. – Але галоўнае багацце – гэта жыхары рэгіёна, якія кожны дзень сваёй працай, талентам і творчасцю робяць нашу зямлю больш багатай і паспяховай. Ва ўладальнікаў ганаровага звання “Чалавек года Міншчыны” розныя прафесіі, розны ўзрост, магчыма, яны па-рознаму глядзяць на многія рэчы. Але ёсць адно агульнае – гэта любоў да сваёй справы, да малой радзімы, Мінскай вобласці, Беларусі”.
Высокае званне прысуджана ў шасці намінацыях – “Прамысловасць, гандаль і грамадскае харчаванне, фінансавая дзейнасць, прадпрымальніцтва”, “Аграпрамысловы комплекс, ахова навакольнага асяроддзя, лясная гаспадарка”, “Жыллёва-камунальная і дарожная гаспадарка, будаўніцтва і архітэктура, паліўна-энергетычны комплекс, транспарт і сувязь”, “Сацыяльная сфера” (сацыяльная абарона насельніцтва, культура, адукацыя, навука, фізічная культура, спорт і турызм, ахова здароўя), “Забеспячэнне законнасці і правапарадку, папярэджванне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый, умацаванне абароназдольнасці”, “Дзейнасць органаў мясцовага кіравання і самакіравання, грамадская дзейнасць і духоўнае адраджэнне, маладзёжная і інфармацыйная палітыка”. Кожны ўзнагароджаны ўнёс свой значны ўклад у агульную справу ўмацавання вобласці і Беларусі ў цэлым.
Узнагароды з нагоды 100-годдзя БССР атрымалі таксама былыя кіраўнікі і грамадскія дзеячы вобласці.
Завяршыў урачыстасць вялікі святочны канцэрт, які таксама прадэманстраваў таленты і любоў да радзімы жыхароў Міншчыны.