Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Разделы сайта

Главная

Новости

15.01.2019

У бярэзінцаў — сем дыпломаў!

З 8 па 12 студзеня адразу звыш 30 бярэзінскіх вучняў не прыступілі да заняткаў у школах: яны прымалі ўдзел у трэцім абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па 18 вучэбных прадметах. Сёлета гэтыя алімпійскія “спаборніцтвы” сабралі амаль тысячу вучняў старэйшых класаў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Трэці этап рэспубліканскай алімпіяды праходзіў на базе ўстаноў адукацыі 9 гарадоў — Жодзіна, Маладзечна, Слуцка, Вілейкі, Барысава, Узды, Нясвіжа, Салігорска і Мінска.
Так, у сталічным абласным інстытуце развіцця адукацыі паміж сабой змагаліся знаўцы англійскай, нямецкай, іспанскай, французскай і кітайскай моў. У Мінскім дзяржаўным абласным ліцэі веды паказвалі эрудыты біялогіі, а ў Маладзечна – юныя хімікі. Аматараў царыцы навук сабраў старадаўні Нясвіж, дзе ў гімназіі і каледжы былі наладжаны спаборніцтвы матэматыкаў. Знаўцы геаграфіі дзяліліся ведамі ў Уздзенскай раённай гімназіі і сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі. Аматары інфарматыкі высадзілі свой прадстаўнічы дэсант у слуцкай сярэдняй школе №12 і
каледжы. Алімпіяда па працоўным навучанні вітала юных майстроў у сярэдніх школах і прафесійным ліцэі Жодзіна.
Вілейскі каледж расчыніў дзверы для юных фізікаў і астраномаў, а барысаўская навучальная ўстанова — для знаўцаў гісторыі і грамадазнаўства. А вось філолагі амаль цэлы тыдзень знаходзіліся ў Салігорскім каледжы.
Такая шырокая геаграфія алімпійскіх спаборніцтваў была прадумана Упраўленнем адукацыі Мінаблвыканкама для таго, каб кожны ўдзельнік абласнога этапу не толькі паказаў свой інтэлектуальны патэнцыял, але і змог атрымаць пэўную дадатковую інфармацыю, узбагаціцца эмоцыямі падчас экскурсій, пры наведванні музеяў, культурна-забаўляльных мерапрыемстваў.
Не менш адказным, насычаным і напружаным гэты тыдзень стаў і для 175 выкладчыкаў, якія ўвайшлі ў журы. Вядучым спецыялістам НАН Беларусі, устаноў вышэйшай адукацыі, настаўнікам і выкладчыкам сталіцы і Мінскай вобласці давялося выбіраць склад вучнёўскай алімпійскай каманды, якая прадставіць цэнтральны рэгіён на заключным этапе рэспубліканскіх спаборніцтваў.
Застаецца дадаць, што сёлетні “алімпійскі” год – стане асаблівым. Упершыню на базе гімназіі, сярэдняй школы, дзяржаўнага каледжа і санаторнай школы-інтэрната былі наладжаны спаборніцтвы па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. Цяпер пераможцы і прызёры сярод аматараў здаровага ладу жыцця на роўных з іншымі юнымі інтэлектуаламі атрымаюць прывілеі пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы спартыўнага профілю.
У панядзелак, 14 студзеня, стала вядома, што сем бярэзінскіх “алімпійцаў” вярнуліся дамоў з прэстыжнымі дыпломамі другога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Традыцыйна, парадавалі інфарматыкі, падрыхтаваныя педагогам дадатковай адукацыі Інтэлектуальнага цэнтра Ігарам Леанідавічам Чарнушэвічам. Так, Антон Лапыцька атрымаў дыплом I ступені, а яго сябры па камандзе Мікалай Клімовіч і Вадзім Галуза – дыпломы III ступені. Усе юнакі вучацца ў Бярэзінскай гімназіі.
Не падвяла свайго выкладчыка французскай мовы Алену Анатольеўну Гліннік і яшчэ адна гімназістка Юлія Падаляка. Яна вярнулася з алімпійскіх спаборніцтваў з дыпломам II ступені.
Уславіў сваю навучальную ўстанову і педагога па матэматыцы Ларысу Дзмітрыеўну Шымбераву вучань 9 класа Ягор Фядотаў. Яго веды журы ацаніла дыпломам III ступені.
Яшчэ два дыпломы па нямецкай мове і геаграфіі на рахунку вучняў СШ №3 горада Беразіно Аляксея Саўкіна і Настассі Фясун. Ганарацца сваімі таленавітымі вучнямі педагогі Андрэй Аляксандравіч Сойка і Наталля Мікалаеўна Скуратовіч.
Віншуем настаўнікаў і школьнікаў з перамогай і жадаем убачыць іх прозвішчы ў складзе каманды на заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах!