На апошнім у мінулым годзе пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разглядалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Большасць пратаколаў былі складзены ў дачыненні да падлеткаў, якія парушалі правілы дарожнага руху, а менавіта – у цёмны час сутак не абазначылі сябе святлоадбівальнымі элементамі.
— Вы не ведалі, што неабходна насіць святлоадбівальныя элементы? — пыталася ў непаўналетніх намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Іванаўна Бондар.
— Ведалі, проста забыліся, — чулася ў адказ.
— “Проста” забыліся.
Гэтае “проста” магло абярнуцца трагедыяй. Нагадаем, што ў дачыненні да пешахода, які ў цёмны час сутак рухаецца па праезджай частцы, не пазначыўшы сябе флікерам, прымяняюцца штрафныя санкцыі ў памеры ад 1 да 3 базавых велічынь альбо папярэджанне, — гаварыла С. І. Бондар.
Дарэчы, падлеткі на пасяджэнне прыйшлі са святлоадбівальнымі элементамі, абяцалі членам камісіі, што заўсёды будуць насіць іх з сабой. Спадзяёмся, што так і будзе.
Усяго ж за 2018 год за парушэнне правіл дарожнага руху непаўналетнімі было складзена 32 пратаколы (15 – у дачыненні да пешаходаў), а ў 2017 годзе — 20.