Па добрай традыцыі штогод прыходзяць Дзед Мароз са Снягуркай напярэдадні навагодніх свят віншаваць дзетак, якія знаходзяцца на лячэнні ў педыятрычным аддзяленні Бярэзінскай ЦРБ, і дзетак, якія па жыццёвых абставінах знаходзяць часовы прытулак у ДУ “Бярэзінскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр”.
Арганізатарамі прыемных святочных момантаў для іх у рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” сталі прадстаўнікі раённай арганізацыі “Белая Русь” сумесна з ДУ “Бярэзінскі раённы цэнтр культуры”, а ролю Дзеда Мароза на гэты раз выканаў індывідуальны прадпрымальнік Мікалай Валер’евіч Куксёнак.
Казачных жаданых гасцей сустрэлі хтосьці са шчырай радасцю, а хтосьці спачатку з асцярогай. Але адчуўшы дабрыню, атрымаўшы падарункі, маленькія пацыенты пазбавіліся ад боязі і пацягнулі свае ручкі, каб пагладзіць бялюткую бараду Дзеда Мароза, дакрануцца да яго казачнага посаха і з задавальненнем і цікавасцю пагутарыць са Снягуркай.
Таксама для дзіцячага аддзялення УЗ “Бярэзінская цэнтральная раённая бальніца” па ініцыятыве ІП М.В. Куксёнка і дырэктара ДУ “Бярэзінскі раённы цэнтр культуры” Марыі Анатольеўны Бурымскай была набыта навагодняя ялінка. Па-святочнаму зазіхацела яна, упрыгожаная, для маленькіх пацыентаў і дарослых.
Акрамя таго, у рамках рэспубліканскай акцыі “У Новы год з “Белай Руссю” раённай арганізацыяй будуць праведзены мерапрыемствы і ўручаны падарункі дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, дзецям-інвалідам, дзецям са шматдзетных і малазабяспечаных сямей, а таксама дзецям адораным.