20 снежня ў сталічнай канцэртнай зале “Верхні горад” на ўрачыстым мерапрыемстве “Для цябе, Міншчына” шчыра віталі сардэчнымі пажаданнямі і патрыятычнымі песнямі лепшых юнакоў і дзяўчат з Мінскай вобласці.
У шыкоўнай абстаноўцы сабраліся напярэдадні калядных святаў лаўрэаты і стыпендыяты фондаў па падтрымцы таленавітай і адоранай моладзі, пераможцы рэгіянальных і абласных аглядаў –конкурсаў, праектаў у галіне рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.Сабраліся яны, каб дастойна ўшанаваць 17 ганаровых пераможцаў конкурсу “Малады лідар Міішчыны” ў галіне адукацыі, культуры, аховы здароўя, грамадскай бяспекі, сродкаў масавай інфармацыі і інш.
Дыпломы і ўзнагароды самым актыўным і ініцыятыўным уручалі заслужаныя дзеячы культуры і мастацтва, алімпійскія чэмпіёны, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кіраўніцтва Мінскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў.
Прыемна адзначыць, што на прэстыжнае выніковае мерапрыемства атрымала запрашэнне і дэлегацыя Бярэзінскага раёна.Так, дыпломам І ступені ў намінацыі “Малады лідар Міншчыны” у галіне культуры была адзначана метадыст-майстар Бярэзінскага раённага цэнтра рамёстваў Разаліна Бусел. Прозвішча гэтай таленавітай, неверагодна творча адоранай дзяўчыны даўно вядома за межамі нашага раёна і вобласці.
Пад гучныя апладысменты ўздымалася на сцэну канцэртнай залы і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярэзінскага райвыканкама Таццяна Лучанок за дыпломам ІІ ступені ў намінацыі “Падтрымка маладых сем’яў “.
Гэты поспех яна цалкам падзяляе з работнікамі культуры, якія ў гэтым годзе паспяхова рэалізавалі некалькі цікавых творчых “сямейных” праектаў.
Акрамя таго, былі ўзнагароджаны лепшыя студэнцкія і валанцёрскія атрады. У лік гэтых шчасліўшчыкаў ад нашага раёна атрымалі падзякі настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Брадзецкі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа” Міхаіл Мішталь і навучэнка каледжа Ксенія Калячка. Яны гэтым летам сумленна працавалі ў педагагічным атрадзе на базе аздараўленчага лагера “Папараць-кветка” і сельскагаспадарчым атрадзе ААТ “Месціна”.