Петарды і хлапушкі, ракеты і салюты ... Піратэхніка так і вабіць дзяцей, абяцаючы новыя эмоцыі! Разам з тым штогод дзясяткі дзяцей і дарослых траўміруюцца ў спробе ўпрыгожыць сваё свята гучнымі выбухамі і фаер-шоу. Тэрмічныя апёкі рук, твару і вачэй - яшчэ самыя бяскрыўдныя траўмы! Весялосць «з агеньчыкам» можа скончыцца і адрываннем пальцаў, чэрапна-мазгавымі траўмамі, смяротным зыходам.
У рамках акцыі “Бяспечны Новы год” бярэзінскія ратавальнікі аб'язджаюць школы раёна і распавядаюць дзецям, з чаго складаецца ідэальнае свята. А формула гэтая простая: весялосць, падарункі, блізкія людзі побач, і, вядома, бяспека! Дзецям нагадваюць пра небяспеку піратэхнікі, паказваюць фільмы і мульцікі. Не абыходзім бокам і тэму гібелі людзей на вадаёмах зімой. Карысныя падарункі ад ратавальнікаў – без гэтага ніяк! Радуе, што дзеці выдатна ведаюць адказы на ўсе пытанні. Асноўная ж задача ратавальнікаў – не толькі навучыць новым і карысным ведам, але і пастаянна нагадваць дзецям пра абсалютную каштоўнасць жыцця чалавека.
Вольга Данэйка, інспектар прапаганды Бярэзінскага РАНС