У падарожжа па родным Бярэзінскім краі ў рамках свята здароўя разам з кіраўніком фізвыхавання ДУА “Санаторны яслі-сад № 1 горада Беразіно” Святланай Аляксееўнай Палягошка адправіліся члены клуба “Сустрэча”. Мерапрыемства прайшло на базе фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Лазурный”.
Адкрыла свята старшыня клуба ветэранаў Маргарыта Анатольеўна Булойчык. Яна адзначыла, што члены клуба змогуць не толькі падзяліцца звесткамі, назапашанымі падчас вандровак па знакамітых мясцінах нашага раёна, прымеркаваных да Года малой радзімы, але і атрымаць асалоду ад спартыўных выпрабаванняў. А таксама пажадала ўдзельнікам перамог у спаборніцтвах, здаровага духу, упэўненасці ў сабе і вясёлага настрою.
Наша малая радзіма багатая таленавітымі людзьмі і незвычайнымі краявідамі. Разам з тым, насычаная Бярэзіншчына і шматлікімі гістарычнымі фактамі. З імі прысутных пазнаёміла вядучая С.А. Палягошка. А затым запрасіла ўдзельнікаў каманд “Мурамцы” і “Сустрэча” адправіцца ў падарожжа.
Папярэднічала яму размінка пад вясёлы гармонік Васіля Міхайлавіча Пашкевіча. Дарэчы, ігрой гэтага музыкі суправаджалася і ўсё далейшае дзейства.
І вось – каманды гатовы ў дарогу. Рухаліся яны на цягніку, самалёце, аўтамабілі і пешшу. Спыняліся ў вёсках Машчаніца і Уша, наведвалі сем гаючых крыніц у вёсцы Крупа і паляўнічы комплекс “Вязычын”. Дэманстравалі хуткасць, знаходлівасць і спрыт у спартыўных гульнях “Туды і назад”, “Мая каманда”, “Перадай мяч”, “Апрані каманду”, “Мяч у руках”, “Праспяваем, сябры!”, “Алфавіт”, спаборнічалі ў дартсе і баскетболе. Разнастайвалі і насычалі праграму вершы, песні, расказы пра славутасці Бярэзіншчыны ў выкананні саміх удзельнікаў выпрабаванняў — ветэранаў клуба “Сустрэча”.
— Час праляцеў незаўважна. І надышла пара “вяртацца” дадому — у родны і мілы горад Беразіно. Часцінку яго мы ўвабралі ў сябе з малаком маці – і гэты куточак малой радзімы назаўсёды ў нашым сэрцы, і менавіта сюды мы з задавальненнем будзем вяртацца зноў і зноў, — зазначыла Святлана Аляксееўна і прапанавала прысутным на поўныя грудзі ўдыхнуць паветра роднай зямлі.
А затым надышоў адзін з самых захапляльных момантаў – вызначэнне пераможцаў. Як высветлілася, абедзве каманды паказалі дастойны вынік і набралі аднолькавую колькасць балаў.
— Перамогу атрымалі дружба, здароўе і маладосць душы. Хай сённяшні добры і бадзёры настрой суправаджае вас па жыцці! А дзеці і ўнукі дораць вам як мага больш нагод для радасці! – падвяла вынікі С.А. Палягошка.
Завяршылася мерапрыемства чаяпіццем у дружнай кампаніі.