Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Разделы сайта

Главная

Новости

29.11.2018

Прэзентацыя кнігі “Гісторыі ў лёсах” аб’яднала бярэзінцаў

 

Прэзентацыя чарговай кніжкі “Гісторыі ў лёсах” праходзіла ў раённай бібліятэцы ў кастрычніку. І распачала яе арганізатар і вядучая, супрацоўніца бібліятэкі Т.М. Круталевіч словамі вядомай песні:

“Добрыя людзі — тут і далёка,
Добрыя людзі, з вамі так лёгка…”

Героі публікацый Н.М. Бурко, сапраўды — добрыя людзі. Людзі, адметныя ў жыцці і адносінамі да жыцця, кожны са сваім лёсам. Гэта абавязкова прыкмячае Ніна Мацвееўна, якая шмат гадоў піша ў газету пра людзей. І не проста піша. “Біяграфіі герояў яе публікацый складаюцца з фрагментаў, успамінаў, афарбоўку ім надае пачуццё самога аўтара, — адзначала Т.М. Круталевіч. – Зыходны пункт – сэрца, адказнае за кожнае напісанае слова. Зямлячка з прыродным журналісцкім талентам піша, бо не можа маўчаць, адчуваючы, як важна даць магчымасць схаванаму выйсці на паверхню”.
А схаванае – радасць і беды, якімі героі дзеляцца з аўтарам, часам давяраючы самае патаемнае. Нездарма, як зноў жа адзначала вядучая свята, праз землякоў мы адкрываем малую радзіму, з якой звязаны лёс кожнага.


Ніна Мацвееўна і сама са шчымлівым адчуваннем расказвае пра сваю малую радзіму – вёску Засвяціца. Публікацыя “Мая родная Засвяціца” адкрывае зборнік і, нібы, задае тон: “Мае радкі – гэта даніна павагі любімым людзям, дарагім мясцінам, без якіх не было б дня сённяшняга. Каб цаніць яго, трэба памятаць кошт мінулага”.
Нягледзячы на цяжкае становішча сям’і і ўсіх вяскоўцаў пасля вайны, аўтар з асаблівай цеплынёй і любоўю ўзгадвае час свайго дзяцінства. Час, калі фарміравалася яе асоба. Фарміравалася пад уздзеяннем матулінай навукі, якая вучыла толькі прыстойнасці і добразычлівасці. Нездарма ўсе дзеці ў сям’і Бурко сталі дастойнымі.
Таму менавіта прыстойнасць і сумленнасць заўсёды бярэ за аснову Ніна Мацвееўна, вызначаючы герояў сваіх публікацый. А іх за сем гадоў – ні многа ні мала, больш за 80 чалавек.


Партрэты некаторых з іх былі прадстаўлены падчас прэзентацыі, нібы сышоўшы са спецыяльна аформленага стэнда, са старонак газеты, старонак зборніка. Першым з іх стаў зямляк, аднавясковец Міхаіл Аляксандравіч Папруга – музыка, гарманіст, якога прырода надзяліла вялікім талентам. Яго здольнасці таксама ад роднай зямлі, ад роднага дома, ад бацькі. Паслухмяны ў руках майстра гармонік выдае заліхвацкія і лірычныя мелодыі, знаёміць са скарбонкай зямлі нашай.
Галоўнае ж багацце зямлі — людзі. Прозвішчы знаёмыя і незнаёмыя, асобы вядомыя і невядомыя. Кожны з землякоў дастойны, каб быць заўважаным і адзначаным.
І яны, героі публікацый, не стрымліваючы пачуццяў, нібы ў адзін голас адзначалі важнасць гэтага, неабходнасць расказваць пра людзей — Генадзь Уладзіміравіч Анцыпаў, Лілія Рыгораўна Казырка, Мікалай Савельевіч Абазовік, Маргарыта Анатольеўна Булойчык, Алена Міхайлаўна Строк, Ларыса Дзмітрыеўна Шымберава, Ірына Рыгораўна Собаль. Усе яны выказвалі словы падзякі Н.М. Бурко за шчырасць пачуццяў, якія яна перадае ў замалёўках.
Зборнік, як адзначала Т.М. Круталевіч, выйшаў з газеты, і выдадзены ў супрацоўніцтве рэдакцыі газеты “Бярэзінская панарама” і раённай бібліятэкі. Таму слова трымала галоў-ны рэдактар раённай газеты Ала Уладзіміраўна Альфер. Не магла прапусціць прэзентацыю супрацоўніца газеты “Звязда”, вядучая рубрыкі “Алё, народ на провадзе” Валянціна Аркадзьеўна Доўнар. Яны высока ацанілі напісанае Н.М. Бурко з прафесійнага пункту гледжання.
А атрымліваецца ўсё, што ідзе з душы, ад сэрца.
— Усе людзі – нібы зорнае неба, — гаварыла Ніна Мацвееўна. – Калі прыгледзецца, зоркі адрозніваюцца адна ад другой. Так і кожны чалавек — асоба. Жыве побач з намі, але мы мала пра яго ведаем і добрыя словы рэдка гаворым пры жыцці.
Таму і спяшаецца яна знаёміць з землякамі, якіх не ведаем або ведаем мала, адкрываць новае пра людзей знаёмых.
На адным дыханні, у цёплых абставінах прайшла прэзентацыя зборніка. Інакш і быць не можа, калі размова ідзе пра добрых людзей, пра землякоў. І радкі пра іх, як даніна любові і павагі.