Месца дзеяння – Інтэлектуальны цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бярэзінскага раёна.
Дата дзеяння – 23 лістапада.
Мэта – звярнуць увагу моладзі на небяспечнасць для жыцця і здароўя звычкі пакурыць.
Вынік: выдатны!
У рамках трэцяга этапа акцыі ратавальнікаў “Не прапальвай сваё жыццё!” прайшлі інтэлектуальныя гульні сярод падлеткаў. Клубы разумнікаў з бярэзінскіх школ сабраліся ў інтэлектуальным цэнтры, каб “памерыцца розумам”, а найперш – каб упэўніцца: курэнне – звычка шкодная не толькі для здароўя і кашалька, але і для жыцця! Пачалося мерапрыества з выступлення клуба юных ратавальнікаў “Сірэна”: яго актывісты расказалі, як пакутуе арганізм чалавека ад курэння, прывялі несуцяшальныя лічбы статыстыкі пра шкоду гэтай дрэннай звычкі. А далей - самае цікавае! Гульня складалася з трох блокаў: першы – “Медыабуквар” – для размінкі, другі – “Што? Дзе? Калі?” – самы складаны блок, пытанні тут патрабавалі гібкасці мыслення і начытанасці, трэці – “Дзе логіка?” – праверыў лагічнасць мыслення каманд. Пытанні закраналі розныя аспекты бяспечных паводзін падлеткаў. Па выніках усіх этапаў безумоўным пераможцам прызнаная каманда “Фенікс” з ДУА “Бярэзінская гімназія”, аднолькавую колькасць балаў на этапе “Што? Дзе? Калі?” нараўне з гімназістамі набрала каманда “Ювента” з ДУА “Сярэдняя школа №3 г.Беразіно”. Няблага паказала сябе і каманда з клуба юных ратавальнікаў “Сірэна”, якая ішла па-за залікам. Трэба адзначыць добрую падрыхтоўку і імкненне да перамогі каманды “Пазітыў” з ДУА “Сярэдняя школа №2 г.Беразіно”: у яе склад увайшлі самыя юныя ўдзельнікі гульні – пяцікласнікі. Практычна нараўне з больш старэйшымі сапернікамі яны змагаліся вельмі дастойна.
Безумоўна, інтэлектуальныя гульні ставілі мэту не толькі вызначыць найлепшых з нашых разумнікаў. Галоўная задача – звярнуць увагу падлеткаў на небяспеку, што нясе курэнне, і падштурхнуць іх да рашэння: дрэннай звычцы – не!
Раённыя ратавальнікі дзякуюць за актыўнае супрацоўніцтва ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызму Бярэзінскага райвыканкама.
фотоархив