На працягу трох тыдняў, пачынаючы з 24 верасня, на тэрыторыі раёна ратавальнікі праводзілі акцыю “Моладзь – за бяспеку!”. Яе мэты - захапіць дзяцей цікавымі справамі, якімі штогод займаецца Беларуская маладзежная грамадская арганізацыя ратавальнікаў-пажарных, аказаць дапамогу асобным катэгорыям грамадзян у паўсядзенных справах, папулярызаваць прафесію ратавальніка і дзейнасць клубаў юных ратавальнікаў-пажарных.
Мерапрыемствы прайшлі ў шматдзетных сем’ях, трох гарадскіх школах, а ў дзень нараджэння арганізацыі - 16 кастрычніка - на базе інавацыйнага цэнтра бяспекі, што працуе ў Цэнтры дзіцячай творчасці Бярэзінскага раёна, прайшло фінальнае мерапрыемства акцыі. Маладзежная арганізацыя папоўнілася дваццаць адным яе новым удзельнікам – дзеці з ДУА “Пачатковая школа №1 г.Беразіно”, ДУА “Сярэдняя школа №3 г.Беразіно” і клуба юных ратавальнікаў “Сірэна” Цэнтра дзіцячай творчасці атрымалі пасведчанні членаў маладзежнай арганізацыі, а таксама карысныя і салодкія падарункі. Яркім момантам свята стала выступленне актывістаў клуба “Сірэна”: нашы юныя памочнікі расказалі пра свой клуб і правялі майстар-клас па аказанні неадкладнай медыцынскай дапамогі. Фільм пра дзейнасць абласнога аддзялення арганізацыі расказаў удзельнікам свята пра ўвесь спектр мерапрыемстваў, што праводзяць ратавальнікі штогод. У канцы дзеці спелі гімн Беларускай маладзежнай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных.
У наш век цяжка канкурыраваць з інтэрнэтам і захапляць дзяцей карыснымі і цікавымі справамі. Педагогам і ратавальнікам гэта ўдаецца: клуб “Сірэна”, што збірае дзяцей на заняткі ў пажарнай часці ўжо больш за 20 гадоў, ніколі не пустуе! Любы жадаючы можа запісацца ў клуб, заняткі бясплатныя.
Вольга Данэйка, інспектар прапаганды Бярэзінскага РАНС