Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Раздзелы сайта

Галоўная

Навіны

11.05.22

Раённы этап рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні “Арлёнак” працягваецца

Сёння на стадыёнах сярэдняй школы №3 і пачатковай школы №1 г.Беразіно прайшла ваенізаваная эстафета "Час каманды", конкурс "Меткі стралок," ваенна-тактычная гульня "Шляхамі пераможцаў".

Нагадаем, што ўдзельнічаюць у гульнях каманды вучняў 8-11 класаў гарадскіх школ і Паплаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы.

У сённяшнім этапе юнакі і дзяўчаты дэманстравалі ваенна-спартыўную падрыхтоўку. Каманды “Маналіт”, “Перамога”, “Энергія” і “Патрыёты” спаборнічалі ў разборцы-зборцы аўтамата Калашнікава, апрананні ў касцюм хімічнай абароны, эвакуацыі параненых і аказанні першай дапамогі, мятанні гранат, кулявой стральбе і іншых практыкаваннях.

Здаецца, зладжаную работу ў камандзе паказалі ўсе школьнікі. Даравальна тым, хто ўпершыню ў жыцці разбіраў аўтамат, нават у першы раз у “арлянят” добра атрымлівалася. У гэтай справе лепш не спяшацца, бо галоўны сэнс практыкавання – навучыцца валоданню зброяй, што дакладна спатрэбіцца на тэрміновай службе ў арміі.

Хтосьці шпурляў гранаты з такім натхненнем, што здаецца, мог перакінуць цераз увесь стадыён, а камусьці крыху не пашанцавала ў гэтай справе.

Адна з каманд настолькі аператыўна эвакуіравала ўмоўнага параненага, што чалавек на насілках транспартаваўся нагамі наперад, ніхто і не заўважыў недарэчнасці. Згадзіцеся, у рэальнай баявой абстаноўцы, калі ўсё вырашаюць лічаныя імгненні, натуральна не да забабонаў, бо галоўнае вынік. “Паранены” быў паспяхова эвакуіраваны, каманда ўклалася ў нарматывы. 

Не менш цікавым было і апрананне касцюма хімічнай абароны з процівагазамі, і ўкладка рэчмяшка, і арыентыраванне на мясцовасці. 

У кулявой стральбе дзяўчаты дэманстравалі вынікі не горш за хлопцаў, а часам нават і лепш. 

Кожная каманда паказала належны спрыт і зладжанасць у дзеяннях. 

Заўтра запланаваны фінал, дэманстрацыя страявой падрыхтоўкі, падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне пераможцаў.

 

Выкарыстаны матэрыялы сайта https://www.berezino.by 

Аляксандр Бычкоўскі.

Фота аўтара