Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Раздзелы сайта

Галоўная

Навіны

27.01.20

Мікалай Клімовіч — уладальнік дыплома ІІ ступені абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды

Найбольшую радасць і задавальненне ад працы любы настаўнік адчувае тады, калі вучань, у якога ўкладзена шмат старанняў і ведаў, дасягае пэўных вышынь. А той, у сваю чаргу, ад таго, што можа з дапамогай педагога ажыццявіць ці наблізіцца да сваёй запаветнай мары.


Не адзін год ішоў да поспеху вучань Бярэзінскай гімназіі Мікалай Клімовіч. Сёлета юнак стаў прызёрам абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы – уладальнікам дыплома ІІ ступені і ўвайшоў у дзясятку лепшых знаўцаў школьнай дысцыпліны. У мінулым годзе Мікалай займаў дзевятнаццатае месца сярод больш 60 удзельнікаў алімпіяды. Гэта — вынік сістэмнай, мэтанакіраванай, напружанай працы і настойлівасці Мікалая, а яшчэ — плён яго вялікага захаплення інфарматыкай.
Прадметам Мікалай зацікавіўся яшчэ ў шостым класе, а ў старэйшых — перайшоў з СШ №3 у фізіка-матэматычны клас гімназіі, ушчыльную заняўся інфарматыкай у Інтэлектуальным цэнтры развіцця дзяцей і моладзі. Вялікая заслуга ў гэтым, безумоўна, належыць педагогу дадатковай адукацыі Ігару Чарнушэвічу. Гэты таленавіты выкладчык здольны выклікаць інтарэс не толькі да свайго прадмета, але і навучыць дзяцей самастойна атрымліваць веды. Літаральна з самага першага занятку юнак захапіўся праграмаваннем, а педагог разгледзеў будучага камп’ютарнага генія.
Мікалай – высокаматываваны вучань, інфарматыкай гатовы займацца гадзінамі. Ні дня без заняткаў – вось галоўнае крэда, якога ён прытрымліваецца. На пытанне “За што табе падабаецца інфарматыка?” юнак, доўга не думаючы, адказаў: “Хутчэй за логіку, магчымасць ставіць мэты і дасягаць іх. Але самае радаснае пачуццё прыходзіць тады, калі цяжкае заданне паддаецца рашэнню”.

Каб удзельнічаць у алімпіядзе, на працягу ўсяго навучальнага года і нават у летнія канікулы вядзецца бесперапынная падрыхтоўка. Мікалай наведвае заняткі ў цэнтры, шмат увагі ўдзяляе самаадукацыі, пастаянна ўдзельнічае ў дыстанцыйных алімпіядах, якія праходзяць у рэжыме анлайн.
Усе захапленні сына і ўнука раздзяляюць матуля, бабуля і дзядуля, якія пільна сочаць і перажываюць за Мікалая. Юнак плануе стаць праграмістам — і інфарматыка яму спатрэбіцца ў першую чаргу.
Цяпер Мікалай поўным ходам рыхтуецца прыняць удзел у трэцім, заключным, этапе рэспубліканскай алімпіяды. У хуткім часе ён паедзе на абласныя зборы. А пакуль штодзень па чатыры гадзіны заняты за камп’ютарам.
— Зараз усе мае намаганні скіраваны на адно мерапрыемства — рэспубліканскую алімпіяду, — гаворыць Мікалай. — Тут будзе яшчэ цяжэй, чым на абласным этапе, бо ўсе заматываваныя на перамогу. Таму рэальна разлічваю ўзяць дыплом трэцяй ступені. Вядома ж, хацелася б узняцца вышэй і парадаваць поспехамі настаўнікаў і бацькоў, але ў нашым атрадзе вялікая канкурэнцыя. Аднак рук я не апускаю і не здаюся, бо маю намер змагацца з апошніх сіл.
Дзякуючы магчымасці выступаць на такім высокім узроўні ў камандзе самых моцных вучняў вобласці, у юнака з’явіўся яшчэ большы стымул працаваць над сабой.
Пажадаем Мікалаю поспехаў!
Застаецца дадаць, што вярнуліся дамоў не з пустымі рукамі з абласной алімпіяды яшчэ два гімназісты. Гэта вучань 9–га класа Аляксей Бурымскі і вучань 7-га — Арцём Ізмер. Першы атрымаў дыплом ІІІ ступені, а другі дэбютаваў на мерапрыемстве падзячным водгукам.