Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Раздзелы сайта

Галоўная

Навіны

01.07.19

«Люстэрка часу» Бярэзінскай гімназіі

«Люстэрка часу» Бярэзінскай гімназіі — самы вялікі школьны музей у раёне. Тут на плошчы ў 94 квадратныя метры на 10 экспазіцыях размешчаны 638 экспанатаў, рэгулярна наладжваюцца экскурсіі для вучняў і гасцей, праходзяць урокі мужнасці, гісторыі, літаратуры, геаграфіі, працоўнага навучання, класныя і інфармацыйныя гадзіны.

— Краязнаўчая даследчая дзейнасць дае магчымасць вучням набыць трывалыя веды па гісторыі горада і раёна, адчуць цесную сувязь паміж гісторыяй малой радзімы і цэлай краіны, — расказвае кіраўнік музея, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Юлія Сяргееўна Ермакова. — Дзеля гэтага маецца вялікі архіўны фонд, захоўваецца перапіска з воінамі, якія вызвалялі Бярэзінскі раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, іх успаміны, фотаздымкі, карты-схемы баёў.
Гісторыка-краязнаўчы музей “Люстэрка часу” быў адкрыты 9 мая 1972 года нястомным краязнаўцам Сяргеем Сцяпанавічам Ігнатовічам. Менавіта яму, настаўніку гісторыі, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны, адміністрацыя школы прапанавала ў 1965 годзе займацца стварэннем музея “Памяць”. Разам з вучнямі ён вёў перапіску з былымі воінамі 153 і 42 стралковых дывізій, якія вызвалялі Бярэзінскі раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, збіраў успаміны, карты-схемы баёў, асабістыя рэчы ветэранаў.


З успамінаў Сяргея Сцяпанавіча Ігнатовіча: у 1965 годзе даручылі арганізаваць гурток юных следапытаў. Рабяты з радасцю ўзяліся за працу. Анатоль Мураўскі, Вячаслаў Сакаў, Ганна Будкевіч і іншыя наведалі Бярэзінскі ваенкамат, дзе атрымалі дадзеныя аб воінскіх часцях, якія вызвалялі Беразіно і раён.
Следапыты даслалі запыты ў гарады і вёскі краіны. Першым адказ прыслаў Мікалай Мікалаевіч Мультан – генерал-лейтэнант, камадзір 69 стралковага корпуса, Герой Савецкага Саюза, які жыў у Ленінградзе. Хутка выйшлі на сувязь Аляксандр Аляксандравіч Смірноў – палкоўнік, камандзір 153 стралковай дывізіі, Яфім Герасімавіч Бароўскі – маёр, рэдактар дывізійнай газеты «Ста-лінец» 42 стралковай дывізіі.


У 1969 годзе мы наладзілі сувязі з Зояй Уладзіміраўнай Півушковай. Яе сын, Юрый Міхайлавіч, загінуў у 1944 годзе і пахаваны ў вёсцы Кукарава. У 1970 годзе, а затым у 1972 і 1974 гадах жанчына прыязджала ў школу з сынам Валерыем Міхайлавічам. Яны наведалі магілу і сустрэліся з вучнямі Кукараўскай школы.
У 1970 годзе наспелі ўмовы, каб адкрыць у школе музей. Рабяты аформілі стэнды і ўступілі ў перапіску з ветэранамі 100-ай стралковай дывізіі, 4 і 16 паветраных армій. Следапыты Людміла Кавалёнак, Ларыса Лапцёнак, Ганна Несцяровіч, Ганна Будкевіч і Вольга Чалей збіралі ўспаміны ветэранаў раёна.
Дзякуючы перапісцы і сустрэчам з ветэранамі вайны, іх сваякамі былі сабраны багатыя матэрыялы. Генерал-лейтэнант М.М. Мультан даслаў бінокль, планшэтку, рэмень, шэраг дакументаў, палкоўнік М.М. Пазнякоў – камандзір 566 стралковага палка – палявую сумку, гімнасцёрку, пагоны, кабуру ад пісталета, фуражку, альбом гісторыі 566 стралковага палка, фотаздымкі, палкоўнік А.А. Смірноў – камандзір 153 стралковай дывізіі – рэмень, схемы баёў, тапаграфічную карту.
Вялікай падзеяй у рабоце музея стала ўручэнне знамені райкама камсамола ў 1976 годзе за добрую працу.

— З таго часу прайшло шмат гадоў, але закладзеныя традыцыі першых следапытаў знайшлі свой дастойны працяг, — зазначае Юлія Сяргееўна. — Асноўнае месца займаюць экспанаты часоў Вялікай Айчыннай вайны. Колькасць іх пастаянна расце, як і папаўняецца армія гімназістаў — носьбітаў памяці пра подзвіг нашых дзядуль.