Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Раздзелы сайта

Галоўная

Навіны

10.12.18

Бярэзінцы прынялі ўдзел у IV Міжепархіяльных Барысаўска-Слуцкіх рэгіянальных калядных адукацыйных чытаннях “Моладзь: свабода і адказнасць”

Шляхі ўзаемадзеяння царквы і дзяржавы па пытаннях духоўна-маральнага выхавання падрастаючага пакалення абмеркавалі на IV Міжепархіяльных Барысаўска-Слуцкіх рэгіянальных калядных адукацыйных чытаннях “Моладзь: свабода і адказнасць”, што прайшлі ў горадзе Мар’іна Горка. Мерапрыемства адбылося пры арганізацыйнай падтрымцы Мінскага абласнога і Пухавіцкага раённага выканаўчых камітэтаў. Удзел у форуме прынялі прадстаўнікі кіраўніцтва ўсіх раёнаў, якія ўваходзяць у склад Барысаўскай і Слуцкай епархій, педагогі, ідэолагі, работнікі культуры і аховы здароўя, прадстаўнікі духавенства, СМІ і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Рабоце чытанняў папярэднічаў малебен у храме Святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага.

Затым удзельнікі форуму накіраваліся ў раённы цэнтр культуры, дзе пазнаёміліся з выставамі метадычнай і духоўнай літаратуры, а таксама атрымалі асалоду ад творчых работ юных мастакоў — удзельнікаў конкурсу “Прыгажосць Боскага свету”.

На пленарным пасяджэнні прывітальнае слова ўдзельнікам і гасцям мерапрыемства адрасавалі намеснік старшыні Мінаблвыканкама І.С. Маркевіч, епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін, епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній, выконваючы абавязкі старшыні Пухавіцкага райвыканкама А.Г. Ласевіч, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Т.В. Апраніч.

— Работа з падрастаючым пакаленнем — адзін з найбольш важных і адказных накірункаў дзейнасці Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ). Справа ў тым, што моладзь, з аднаго боку, — найбольш творчая і энергічная частка грамадства, намаганнямі якой ствараецца наша будучыня. А з другога боку, менавіта маладое пакаленне найбольш адчувальнае да негатыўных праяў грамадства. Таму ёсць вострая неабходнасць ва ўзаемадзеянні ўсіх структур па пытаннях фарміравання правільных каштоўнасных арыенціраў у падрастаючага пакалення. Выдатнай пляцоўкай для вырашэння агульнай задачы павінны стаць і сёлетнія калядныя чытанні, у цэнтры ўвагі якіх — моладзь, — падкрэсліў епіскап Веніямін.

Па словах І.С. Маркевіча, форум папоўніў скарбонку добрых традыцый Мінскай вобласці. На працягу трох гадоў ён набыў яшчэ больш прыхільнікаў і атрымаў станоўчую ацэнку грамадскасці.

— Мерапрыемства ўпершыню праходзіць у больш шырокім фармаце пры ўзаемадзеянні дзвюх епархій БПЦ — Барысаўскай і Слуцкай. Гэта сведчыць аб запатрабаванасці дыялогу паміж дзяржавай, царквой і грамадскасцю. Актуальная і тэма сёлетніх чытанняў, значэнне якой неацэннае для сучаснасці і будучыні, — адзначыў Іван Станіслававіч.

З дакладамі, тэмы якіх датычылі выхавання дзяцей, фарміравання светапогляду сучаснай моладзі і ўдзелу яе ў навукова-праектнай дзейнасці, выступілі протаіерэй У. Башкіраў, загадчык кафедры філасофіі і метадалогіі гуманітарных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў М.А. Мажэйка, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі А.А. Суша.

Працягнуліся чытанні ў сямі секцыях. Кіраўніком той з іх, дзе гутарка вялася пра ўзаемадзеянне царквы і сродкаў масавай інфармацыі, была галоўны рэдактар ​​газеты “Пухавіцкія навіны” В.У. Савасцюк.

З інфармацыйнай работай Слуцкай епархіі на прыкладзе Клецкага дабрачыння пазнаёміў кіраўнік прэс-службы названай епархіі іерэй А. Еўшэль. Па яго словах, першыя крокі дабрачынне рабіла ў сацыяльных сетках. Наяўнасць персанальных старонак дазволіла храму дзяліцца аператыўнай інфармацыяй са шматлікімі вернікамі, жыхарамі горада і раёна. З цягам часу з’явіўся і афіцыйны сайт Клецкага дабрачыння. Сёння наведвальнікі знаходзяць тут не толькі навіны, але і графік набажэнстваў, анонсы мерапрыемстваў, гістарычныя звесткі пра храмы і прыходы, персанальную інфармацыю аб святарах. На высокім узроўні наладжана супрацоўніцтва дабрачыння з мясцовай газетай “Да новых перамог” і раённага радыё.

Праваслаўныя СМІ і іх роля ў духоўна-маральным выхаванні грамадства стала тэмай выступлення галоўнага рэдактара духоўна-асветніцкай ​​газеты “Воскресение” А.І. Міхаленка, а царква і сацыяльныя сеткі — іерэя І. Цюцюнніка.

Аб узаемадзеянні свецкіх і царкоўных сродкаў масавай інфармацыі гаварыў адміністратар афіцыйнага сайта Барысаўскай епархіі А.П. Клімковіч.

Назапашаным вопытам супрацоўніцтва з праваслаўнай царквой у сферы інфармацыі мелі магчымасць падзяліцца і прысутныя, галоўныя рэдактары і прадстаўнікі рэдакцый 14 раёнаў вобласці і горада Жодзіна. Вынікі работы секцыі “Царква і СМІ” падвёў прэс-сакратар Барысаўскай епархіі іерэй І. Ясюкевіч.

У завяршэнні мерапрыемства на агульным пасяджэнні са справаздачамі выступілі прадстаўнікі ад кожнай секцыі. Агучаныя імі прапановы будуць пакладзены ў аснову выніковага дакумента.