Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Разделы сайта

Главная

Новости

18.07.2018

Дзеці — іх галоўны скарб

Пагадзіцеся, гадаваць уласных дзяцей вельмі і вельмі складана. Гадаваць “чужых”, напэўна, значна, складаней. Ды яшчэ гэта і велізарная адказнасць. Яе не спужалася шчаслівая, вялікая сям’я Паталашкаў. Сем дзетак, пакінутых без бацькоўскай апекі, адчулі менавіта ў іх прыгожым доме ў вёсцы Жарамец цеплыню, падтрымку і любоў. Таму і не дзіва, што на свяце да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь Людміла Міхайлаўна і Юрый Мікалаевіч Паталашкі былі адзначаны ў намінацыі “Добрае сэрца”.

Людміла Міхайлаўна і Юрый Мікалаевіч не мясцовыя – з далёкага Казахстана. Там яны пазнаёміліся і пакахалі адзін аднаго з першага погляду. У маладой сям’і нарадзіліся трое сыноў. Людміла і Юрый працавалі, гадавалі дзяцей, марылі пра будучыню. Аднак пасля таго, як разваліўся СССР, давялося карэнным чынам мяняць свае планы. Пераехалі ў Беларусь, знайшлі старую, невялікую хату ў вёсцы Жарамец. Паступова адбудоўвалі, упрыгожвалі дом. Усе разам. Дзяцей з маленства таксама прывучалі да працы.
— Ды і ім заўсёды падабалася працаваць разам з намі, ніколі не ляніліся, — зазначаюць Паталашкі. – А гаспадарку мы заўсёды трымаем вялікую: карова, цялушка, бычок, куры, свінні…. Адпачываць няма калі. Хоць знешне наш дом невялікі, аднак пакоі прасторныя. Месца хапала і хапае ўсім. Гэтак жа, як пяшчоты, ласкі, любові.
Сыны выраслі, атрымалі вышэйшую адукацыю і пакінулі бацькоўскае гняздзечка. Тады Паталашкі і задумаліся, а чаму б не ўзяць на выхаванне дзетак, якія засталіся па розных прычынах без апекі бацькоў. І ў 2005 годзе яны афіцыйна сталі прыёмнай сям’ёй. Шматдзетная сям’я выхавала 7 “чужых” дзетак. Ды якіх чужых, калі тыя называюць Людмілу і Юрыя мамай і татам. Пяцёра дзетак ужо скончылі школу, паступілі ў прафесійна-тэхнічныя, сярэдне-спецыяльныя ўстановы. А на выхадныя з радасцю прыязджаюць ва ўтульны бацькоўскі дом, дзе іх заўсёды чакаюць.
— Не маючы сваіх дочак, мне вельмі хацелася ўзяць на апеку дзяўчынку, — зазначае Людміла Міхайлаўна. – Зараз мы выхоўваем дзвюх прынцэс — Вікторыю і Анжаліку. Яны нашы маленькія гаспадынькі.
Асноўным прынцыпам у выхаванні дзяцей Паталашкі лічаць узаемаразуменне паміж дзецьмі і дарослымі, а да гэтага ўжо дадаюцца і павага, і любоў. Усе канфліктныя сітуацыі ў сям’і вырашаюцца з дапамогай гутаркі. Хоць Людміла Міхайлаўна і Юрый Мікалаевіч называюць сябе строгімі бацькамі, дзеці з усмешкай сцвярджаюць, што тата і мама ў іх самыя лепшыя, самыя добрыя і самыя справядлівыя.
— Для нас не так ужо і важна было, якую прафесію атрымаюць нашы дзеці, — зазначаюць Людміла Міхайлаўна і Юрый Мікалаевіч Паталашкі. — Галоўнае, каб сталі людзьмі з вялікай літары – руплівымі, шчырымі, адкрытымі, гуманнымі… Нашы дзеці, унукі менавіта такія. І гэта наша галоўнае сямейнае, бацькоўскае шчасце, наш скарб!

На здымку: старшыня райвыканкама А.М. Бабічаў узнагароджвае Ю.М. і Л.М. Паталашкаў