Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Разделы сайта

Главная

Новости

10.05.2018

Гордимся и помним !!

Шчымлівае і адначасова радаснае пачуццё агортвае напярэдадні 9 Мая – аднаго з галоўных і значных свят у нашай краіне. У гэты светлы і сонечны вясновы дзень мы дзякуем ветэранам за Вялікую Перамогу, аддаём даніну павагі і ўшаноўваем памяць пра тых, хто да апошняй кроплі крыві змагаўся за нашу будучыню.

Сёлетняе мерапрыемства не стала выключэннем. З самай раніцы было шматлюдна на гарадской плошчы. Яна і стала адпраўной кропкай для старту калоны “Беларусь памятае”. Удзельнікі маршу, праходзячы па вуліцы Кастрычніцкай горада да цэнтральнага сквера, з гонарам неслі партрэты сваіх продкаў, такім чынам выказваючы ім удзячнасць за мір і права на жыццё.

— Кажуць, героі не паміраюць, яны сыходзяць на нябёсы і ўважліва назіраюць за намі, — адзначаў у сваім выступленні на мітынгу старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Бабічаў. — А героі Вялікай Айчыннай вайны патрабавальна сочаць за тым, каб мы захоўвалі мір і спакой Айчыны, якія яны нам падарылі. Беларускі народ ведае цану міру і вышэй за ўсё ставіць гонар і свабоду нашай Бацькаўшчыны. Мы захоўваем у сэрцах не толькі мужнасць, гераізм, адвагу воінаў і працаўнікоў тылу, але і горыч страт ваеннага ліхалецця.

На Бярэзіншчыну захопнікі ўступілі на 20 дзень вайны. Тры гады раён знаходзіўся пад нямецка-фашысцкай акупацыяй. Больш за 5 тысяч сем’яў жылі ў зямлянках. За гады вайны колькасць жыхароў раёна скарацілася на 16 тысяч чалавек.

З першых дзён акупацыі раёна яго насельніцтва паднялося на барацьбу з ворагам і ваявала да вызвалення. У памяці жыхароў засталіся партызанскія сувязныя — ураджэнкі раёна, якія аддалі свае жыцці за свабоду нашай зямлі. Гэта Вера Лясных, Марыя Рамановіч. Іх імёнамі названы вуліцы нашага горада. Навечна ў гісторыю ўпісаны імёны Герояў Савецкага Саюза — нашых землякоў Сцяпана Аляшкевіча і Іосіфа Свідзінскага.

Пра гераізм і мужнасць воінаў і мірных жыхароў Бярэзіншчыны сведчаць 110 помнікаў, з якіх 76 — воінскія пахаванні.

Найвялікшым дасягненнем сённяшніх дзён з’яўляюцца мір і спакой у нашых дамах. Памятаючы ўрокі вайны, мы зробім усё, каб родная зямля заўсёды заставалася жыватворным кутком стабільнасці, стварэння і добрай волі. Так завяшчалі нам бацькі і дзяды, што аддалі жыццё сваёй Радзіме.

Памяць пра герояў Вялікай Айчыннай вайны ўшанавалі хвілінай маўчання і аўтаматным залпам. Да падножжа помніка загінуўшым воінам усклалі вянкі і жывыя кветкі ад райвыканкама і Савета дэпутатаў, арганізацый і прадпрыемстваў горада, грамадскіх аб’яднанняў, палітычных партый, моладзі і рэлігійных арганізацый, савета ветэранаў, бярэзінцаў.

Працягнуліся ўрачыстасці з нагоды Дня Перамогі на гарадской плошчы. Творчым падарункам для бярэзінцаў, жыхароў раёна і гасцей было выступленне дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі. Канцэрт мастацкай самадзейнасці быў наладжаны і ў раённым цэнтры культуры. Праграма яго была яркай і насычанай. Песенныя і танцавальныя нумары суправаджаліся кадрамі з фільмаў ваеннай пары і ўражальнымі міні-пастаноўкамі. Акрамя таго, у фае РЦК наведвальнікаў чакаў панарамны праект “Гады, апаленыя вайной”, падрыхтаваны супрацоўнікамі раённага цэнтра рамёстваў Дзмітрыем Сычом, Аленай Дарашэнка, Разалінай Бусел.

На плошчы працавалі спартыўна-забаўляльныя пляцоўкі і гандлёвыя рады, арганізоўвалася выстава-продаж работ майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Урачыстыя мерапрыемствы завяршыліся, а подзвіг дзядоў і прадзедаў працягвае жыць у народнай памяці, каб служыць напамінам і ўзорам адданасці Радзіме.