Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Разделы сайта

Главная

Новости

02.02.2018

У ЧЫІХ РАНЦАХ НАША БУДУЧЫНЯ?

Сёлетні навучальны год будзе залатымі літарамі ўпісаны ў адукацыю раёна. Упершыню за апошнія гады бярэзінскія вучні вярнуліся дамоў з цэлым стосам прэстыжных узнагарод трэцяга этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па хіміі, фізіцы, геаграфіі, астраноміі, матэматыцы, замежных мовах, гісторыі, біялогіі і інфарматыцы. З 23 нашых хлопчыкаў і дзяўчынак з дыпломамі пераможцаў і падзячным водгукам вярнуліся дамоў 11 навучэнцаў Бярэзінскай гімназіі і СШ № 3 горада. Шлях кожнага з іх да свайго вучнёўскага Алімпу асаблівы, як і ўнікальныя асобы юных талентаў і іх настаўнікаў.

— Стаць прызёрам прадметнай алімпіяды па-ранейшаму прэстыжна для кожнага бярэзінскага школьніка, — зазначае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Аляксандраўна Жукоўская, — і красамоўней любых слоў гэта пацвярджаюць адоранасць, таленавітасць, настойлівасць і працавітасць нашых “алімпійцаў”. Яны прымушаюць аддаць даніну павагі і ў поўны голас гаварыць пра высокі прафесіяналізм і нястомнае творчае гарэнне настаўнікаў.

СЦІПЛАСЦЬ, ПАМНОЖАНАЯ НА ТАЛЕНТ

— Асабіста для мяне было поўнай нечаканасцю стаць другой сярод абласных знаўцаў хіміі, -­ шчыра прызнаецца ўладальніца дыплома І ступені трэцяга этапу прадметнай алімпіяды, вучаніца 9 класа Лізавета Губіч. – Рыхтавалася як звычайна: з настаўніцай Кацярынай Іванаўнай Мельнікавай і, вядома, самастойна.

Трэба аддаць належнае сціпласці гэтай дзяўчыны, але куды большага заслугоўваюць яе працавітасць і адоранасць. Ужо з 5 класа Лізавета звярнула на сябе ўвагу педагогаў гімназіі, бо вылучалася сярод вучняў глыбінёй ведаў, удумлівасцю і стараннасцю, уменнем правільна размяркоўваць свой час і дакладна акрэсліваць кола сваіх інтарэсаў. Паспявала дзяўчына не толькі на “выдатна” вучыцца, але і паспяхова займацца тэнісам.

— Перавагу аддавала вывучэнню дакладных дысцыплін, -­ удакладняе яна, -­ але калі адкрыла для сябе хімію, свет нібы перакуліўся. Тут мне ўсё падабаецца: ад азначэнняў да практычных вопытаў, а задачы я гатова рашаць гадзінамі. Ды і без ведаў матэматыкі і азоў іншых навук у складаных заданнях не абысціся.

Лізавета ўжо канчаткова выбрала для сябе прафіліруючы школьны прадмет, аднак яшчэ ніяк не вызначылася з будучай спецыяльнасцю. Яно і зразумела, бо дзяўчына плануе пакуль пашыраць і ўдасканальваць веды па хіміі з выкладчыкам гімназіі, рыхтуецца да збораў па падрыхтоўцы да фінальнага этапу прадметных алімпіяд.

Вызначылася са сваёй будучыняй уладальніца дыплома ІІ ступені трэцяга этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па біялогіі Карына Цэдрык. Яна вучыцца ў 10 класе і запланавала паступаць у медыцынскі ўніверсітэт. Таму асаблівую стаўку робіць на вывучэнне біялогіі.

— Усе заданні ў ходзе алім­піяды былі мне зразумелыя, бо ўжо каторы год я на факультатывах і занятках займаюся з настаўніцай Галінай Уладзіміраўнай Чульба, -­ падкрэслівае дзяўчына. -­ Канку­рэнцыя сярод біёлагаў вялікая, і барацьба за прэстыжныя дыпломы вялася вельмі сур’ёзная. Лічу, што толькі яе настаўніцкі прафесіяналізм і пастаянная самаадукацыя дапамаглі мне ў выкананні складаных задач, у поўнай меры дазволілі адчуць упэўненасць у сваіх сілах і ведах.