Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Разделы сайта

Главная

Новости

10.07.2020

А на грудзях – ордэн Маці

Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь 37 шматдзетных матуль Мінскай вобласці былі адзначаны ордэнамі Маці. Каштоўныя ўзнагароды ім уручыў старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын. У тым ліку і дзвюм матулям з Бярэзіншчыны – Вользе Радзевіч і Юліі Куксік. А старшыня Бярэзінскага райвыканкама Аляксандр Бабічаў уручыў ордэн Маці матулі з вёскі Гута – Вользе Пшанічнік.
— У нашай краіне пытанням мацярынства і дзяцінства надаецца вялікая ўвага. Забеспячэнне жыллём, прадастаўленне сямейнага капіталу, дапамога ў выхаванні і навучанні дзяцей, рашэнне бытавых праблем шматдзетных сем’яў — усё гэта знаходзіцца на пастаянным кантролі кіраўніка дзяржавы і ўсёй вертыкалі ўлады, — адзначыў губернатар Аляксандр Турчын, звяртаючыся да матуль падчас віншавання. — І гэта прыносіць добры вынік. Колькасць шматдзетных сем’яў павялічваецца. Зараз у Мінскай вобласці іх амаль 19 тысяч, у іх выхоўваецца больш за 60 тысяч дзяцей.
А цяпер самы час пазнаёміцца з жанчынамі-прыгажунямі, якія носяць ганаровае званне ШМАТДЗЕТНАЯ МАТУЛЯ.

Вользе Радзевіч і Юліі Куксік уручыў ордэны Маці старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын

Юлія КУКСІК: “Прыемна, што і нашу сям’ю адзначылі ордэнам Маці! Дзякуй”

— Калі мне патэлефанавалі, сказалі, што будуць уручаць ордэн, ды яшчэ віншаваць будзе сам губернатар, для нас усіх гэта было нечаканасцю. Шчыра прызнаюся, на такім урачыстым мерапрыемстве я была ўпершыню. Вядома ж, вельмі хвалявалася, а дома за мяне “хварэлі” любімы муж і пяцёра дзетак, — расказвае Юлія. – Мне здаецца, што гэта наша агульная ўзнагарода. Ордэн абавязкова буду насіць на ўрачыстыя мерапрыемствы, якія будуць ладзіцца ў горадзе, да прыкладу, на Дзень Незалежнасці, Дзень Перамогі, і, вядома ж, дні нараджэння дзетак. Вялікі дзякуй за такую ўзнагароду, мы зараз проста абавязаны выгадаваць дастойных дзетак.
Дарэчы, Юлія – самая маладая матуля з тых, каго адзначылі ордэнам Маці. Яны з мужам Сяргеем выхоўваюць пяцёра дзетак. Сустрэліся Юлія і Сяргей, здаецца, выпадкова. Пазнаёмілі агульныя сябры. Маладыя адразу ж спадабаліся адзін аднаму. Дзесьці праз паўгода і вяселле згулялі!
— Ці планавалі мы шматдзетную сям’ю? Думалі, што будзе чацвёра дзетак: дзве дзяўчынкі і два хлопчыкі… Ды калі была цяжарная, на ўльтрагукавым даследаванні паведамілі – у вас будуць двайняты! Спужаліся? Не, дзеці – гэта наша шчасце. Так наша сям’я стала сапраўды СЯМ’ЁЙ, дзе сем “я”.
Самы старэйшы – Цімафей ужо першакласнік. Ён надзейны памочнік таты і матулі. З задавальненнем дапамагае выхоўваць малодшага браціка Давіда і сястрычак. Дачушка Ірына наведвае дзіцячы садок.
— Ведаеце, калі я прыехала пасля ўзнагароджання, Ірына доўга прымярала ордэн, круцілася каля люстэрка, — расказвае Юлія. – А затым з упэўненасцю паведаміла, што яна таксама будзе шматдзетнай матуляй і абавязкова атрымае ордэн!
А гарэзы, любіміцы ў сям’і, двайняты – Вікторыя і Валерыя — не даюць сумаваць бацькам, пастаянна патрабуюць да сябе ўвагі.
— Многія гавораць, што з двайнятамі складаней! Я б сказала, што наадварот – лягчэй, яны разам падрастаюць, адзін з адным гуляюць, забаўляюцца. Ім ніколі не бывае сумна.
Вядома ж, ёсць у сям’і Куксік і свае традыцыі – усе дні нараджэння адзначаюць разам, дружнай сям’ёй. Гатуюць штосьці смачненькае, асаблівае і абавязкова загадваюць жаданне! Адно на ўсіх – хутчэй атрымаць сваё ўтульнае жыллё!
— Так, зараз мы марым аб сваёй кватэры, — дадаюць Куксікі, — дзе б усім было ўтульна і камфортна. Вядома ж, хапае цяжкасцей, і пры выхаванні дзяцей, і ў паўсядзённым жыцці, але з усім паступова спраўляемся. Галоўнае, што мы ёсць адзін у аднаго.

Вольга Радзевіч: “Здзівілася, што ўручылі ордэн! Здаецца, мы звычайная сям’я, толькі шматдзетная”

— Бясспрэчна, лепшая ўзнагарода для кожнай маці — шчасце, здароўе, поспехі яе дзяцей. Пяцёра ж дзетак мы нарадзілі і выхоўваем для сябе, а не для ўзнагарод. Калі даведалася, што менавіта мяне ўзнагародзяць ордэнам, здзівілася, бо гэта так неспадзявана, але прыемна. Для мяне мацярынства – гэта не нейкі подзвіг, а звычайныя жыццё і праца, складаная праца, пра якую ведаюць толькі тыя, хто прайшоў праз недаспаныя ночы, трывогі, хваляванні і радас-ці, — пачынае гутарку Вольга. – Для мяне быць матуляй – самае галоў-нае шчасце. Я жыву клопатам пра дзетак і мужа.
Вольга мясцовая – з Беразіно. Спачатку скончыла Барысаўскі дзяржаўны педагагічны каледж. Па размеркаванні пэўны час працавала настаўніцай музыкі ў школе-інтэрнаце. А пасля вучылася ў Мінскай Багаслоўскай семінарыі, дзе і пазнаёмілася з будучым мужам Аляксандрам. На сёння сямейны стаж Радзевічаў – 17 гадоў. Вядома ж, мне захацелася пацікавіцца, даведацца, у чым сакрэт-“рэцэпт” іх сямейнага шчасця.
— Проста неабходна кахаць адзін аднаго, разумець, слухаць, паважаць, — зазначае Вольга. – Калі муж галава ў сям’і, а жонка яму ва ўсім дапамагае, тады пануе гармонія. Муж зараз шчыруе вадзіцелем. Але якім бы ні быў стомленым, заўсёды дапамагае нам з хатнімі справамі. Мы будуем адносіны ў сям’і згодна з Бібліяй, на хрысціянскіх каштоўнасцях. Лічым, моцная сям’я тая, якая заснавана на Божых запаветах. Таму жадаем маладым сем’ям, ды і ўвогуле усім, пазнаёміцца з Бібліяй, дзе дакладна напісана, як павінны паводзіць сябе муж, жонка, дзеткі, каб была дружная, шчаслівая сям’я, — зазначаюць гаспадары. – Для нас галоўнае, каб дзеткі выраслі добрымі, міласэрнымі людзьмі і маглі дапамагаць іншым. Так, імкнёмся даць ім добрую адукацыю. Але разумеем, што гэта не галоўнае. Куды важней – каб былі чалавечнымі!
Увогуле, сям’я Радзе-віч творчая і крэатыў-ная. Старэйшая дачушка Руфіна скончыла 10 класаў. Ёй падабаюцца дакладныя навукі – фізіка і матэматыка. Удзельнічае ў школьных алімпіядах. Марыць здаць добра цэнтралізаванае тэсціраванне і, магчыма, паступіць на фізіка-праграміста. Наведвае школу мастацтваў – іграе на фартэпіяна і флейце.
Аліна таксама наведвае школу мастацтваў – іграе на скрыпцы і фартэпіяна. Зараз скончыла 9 класаў. Яна любіць спяваць, удзельнічае ў тэатральных пас-таноўках, з’яўляецца дыпламантам рэгіянальнага фестывалю дзіцячай творчасці «Зорачкi надзей» і раённага этапу рэспубліканскага конкурсу «Жывая класіка». Не адстае ад сястрычак і Давід – творчая асоба. А яшчэ хлопчык – спартсмен, выдатна плавае, удзельнічае ў розных спаборніцтвах. У яго выдатна развіта лагічнае мысленне – самы лепшы матэматык у класе. Дзесяцігадовая Маргарытка разам са старэйшымі братам і сёстрамі займаецца музыкай, тэатрам і спортам, паспяхова ўдзельнічае ў алімпіядным руху. І самы маленькі ў сям’і – Елісей.
4 верасня яму споўніцца толькі два годзікі. Елісей, як жартуюць у сям’і, “хатні” будзільнік, у колькі ён прачынаецца, у столькі прачынаюцца і ўсе!
Заўважаю, што ва ўсіх дзетак незвычайныя імёны.
— Руфіна – дружба. Я аднойчы пачула гэтае імя і вырашыла, што абавязкова назаву так дачушку, — дадае Вольга. – Маргарытка (жамчужына) –
таксама мне вельмі падабаецца. А Давід, Елісей — гэта біблейскія імёны.
Жывуць Радзевічы ва ўласным доме, дзе ў кожнага дзіцяці — свой пакой. Жыллё пабудавалі дзякуючы дапамозе дзяржавы. Ёсць і агарод, сад, дзе шчыруюць усе разам. Бацькі з дзяцінства прывучаюць дзетак да працы.
Ёсць у Радзевічаў і сямейная традыцыя, — вечарам збірацца разам, гутарыць, абмяркоўваць, як прайшоў дзень, строіць планы… А яшчэ Вольга і Аляксандр разам з дзеткамі любяць падарожнічаць. Ужо аб’ездзілі амаль усю Беларусь. Вось нядаўна былі ў Дукоры. А больш за ўсё падабаецца ў Нясвіжы. Часта выбіраюцца ў Мінск. Амаль кожнае лета раней адпачывалі на Чорным моры…
— Ці планавала я стаць шматдзетнай матуляй? Вядома, бо і сама расла ў вялікай сям’і, — падзялілася Вольга. — Шматдзетнай матуляй быць, сапраўды, складана, але ў той жа час і вельмі радасна, — дадае Вольга. – Калі бачу, як растуць, раз-віваюцца дзеткі, перапаўняе бясконцае шчасце. Іх усмешкі, “жывыя” вочы, шчырыя словы – што можа быць даражэй?

Старшыня Бярэзінскага райвыканкама Аляксандр Бабічаў уручае ордэн Маці Вользе Пшанічнік

Вольга Пшанічнік: “Прыемна, што мацярынскую працу адзначаюць на такім высокім узроўні!”

-Велізарнае хваляванне перапаўняла і калі толькі даведалася, што атрымаю ордэн, і калі ўручалі, і нават цяпер. Шчыра кажучы, я нават і не думала, што атрымаю такую ўзнагароду. Мы простая, вясковая сям’я. Жывём у Гуце, ва ўласным доме. З дзяцінства прывучаем дзетак да працы, бо толькі той, хто годна працуе, штосьці мае, — пачынае гутарку Вольга.
Аказваецца, Вольга не мясцовая – з Мінска. У сталіцы пазнаёмілася з будучым мужам Барысам, і той, як кажуць, пераманіў Вольгу на сваю Радзіму – на Бярэзіншчыну. І разам з мужам ужо 9 гадоў!
Пшанічнікі выхоўваюць пяцярых дзетак. Старэйшая дачушка Караліна скончыла 2 клас трэцяй гарадской школы. Падабаецца ёй ствараць вырабы з бісеру, маляваць. Сыночак Уладзіслаў наведвае дзіцячы садок у Беразіно, у гэтым годзе пойдзе ў першы клас. Ён актыўны хлопчык, не любіць сядзець у хаце. Двайняты Аліна і Паліна – дзве гарэзы. А самы маленькі — Максімка, якому толькі адзін годзік і чатыры месяцы.
Пшанічнікі жывуць у вялікім уласным доме, ёсць агарод і нават гаспадарка. Як з усім справіцца?!
— Не, да вёскі мне было прывыкнуць зусім нескладана, — заўважае жанчына. – Калі жыла ў Мінску, у нас была дача, таму да працы з маленства былі прывучаны, — расказвае гаспадыня. – Муж шчыруе лесніком, а я – матуляй. І, ведаеце, складана вызначыць, чыя праца больш напружаная. Але мне пашчасціла з мужам. Ён ва ўсім падтрымлівае мяне, разам выконваем хатнія справы, разам выхоўваем дзетак. У чым сакрэт сямейнага шчасця?! Галоўнае, каб у сям’і панавалі каханне, узаемапаразуменне і давер!

— Мне вельмі прыемна, што нашу мацярынскую працу адзначаюць на такім высокім узроўні, — зазначыла шматдзетная матуля Вольга Пшанічнік. — Галоўнае наша багацце з мужам – пяцёра дзетак. Мы імкнёмся выхаваць іх дастойнымі людзьмі!